- Дык дзе ж ён? - спытаў Фiлька.

Тоўстыя губы Фiлькi адтапырылiся. Па праўдзе кажучы, Таня здзiвiла яго.

- А ты ведаеш, дзе Алжыр i Тунiс?

- Ведаю. У Афрыцы. Значыць, ён там?

Таня зноў адмоўна закiвала галавой, гэтым разам з большым сумам, чым раней.

- Не, Фiлька. Ведаеш, ёсць такая краiна - Марасейка.

- Марасейка? - паўтарыў за ёй задуменна Фiлька. Гэтая назва спадабалася яму. - Вiдаць, прыгожая краiна - Марасейка.

- Так, Марасейка, - цiха прамовiла Таня, - дом нумар сорак, кватэра пяцьдзесят тры. Ён там.

I яна знiкла ў сваiм двары.

А Фiлька застаўся адзiн на вулiцы. Ён усё больш дзiвiўся з Танi. Калi казаць праўду, ён быў зусiм збiты з панталыку.

- Марасейка, - сказаў ён.

Можа, гэта востраў, пра якi ён забыўся за лета? Гэтыя праклятыя астравы нiяк не трымалiся ў яго памяцi. Ён быў толькi звычайны школьнiк, хлопчык, якi нарадзiўся ў глухiм лесе ў скураным будане звералова. Ну навошта яму тыя астравы!

III

Вада лiлася з дзежкi ў бляшаную палiвачку з такiм цудоўным шумам, нiбыта гэта была не старая вада, замкнутая ў гнiлой дзежцы, а маленькi вадаспад, якi нарадзiўся высока ў гарах пад каменнем.

Яго голас быў чысты i поўны ўдзячнасцi гэтай дзяўчынцы, якая адным рухам сваёй рукi вызвалiла яго i дала магчымасць выбегчы на волю. Ён гучна звiнеў ёй проста ў вушы i так прыгожа струменiўся ў паветры, магчыма, толькi з-за аднаго жадання звярнуць на сябе яе ўвагу.

А Таня зусiм не чула i не прыкмячала яго.

Трымаючы ў руцэ драўляную затычку, яна думала пра бацьку. Размова з Фiлькам растрывожыла яе памяць.

Цяжка думаць пра чалавека, якога нiколi не бачыла i пра якога нiчога не памятаеш, апроч таго, што ён твой бацька i жыве дзесьцi далёка, у Маскве, на Марасейцы, дом нумар сорак, кватэра пяцьдзесят тры. У такiм разе можна думаць толькi пра сябе. А што да сябе, дык Таня даўно зразумела, што яна не любiць яго, не можа любiць i не павiнна гэта рабiць! Яна добра ўсё ведае! Ён пакахаў другую жанчыну, пакiнуў яе мацi, ён пайшоў ад iх шмат гадоў назад i, можа стацца, мае другую дачку, iншых дзяцей.



14 из 106