Жвавей захадзiлi босыя закарэлыя Януковы ногi, i карцiла яму ўжо бегчы туды, дзе, як ведаў добра, у хвасьце старэйшых цягнулiся ўвiшныя падшыванцы-жэўжыкi, што пасьля цэлы вечар будуць шнырыць каля йгрышча, займаючыся сваiмi зусiм непразаiчнымi справамi.

Запавядалася шумнае й люднае купальскае йгрышча. Сяньня было Яна. Людзей зь кiрмашу налезе процьма, папрыходзяць iз суседнiх вёскаў i засьценкаў. Цi пусьцiць яго гаспадар? - мяркаваў Янук.

Калi прыгадаў, што сталася, вялiкi жаль ахапiў iзноў Янука ды п'яўкай смактаў у грудзi. Дзень сьвятога Яна - той самы дзень, калi быў вялiкi рэлiгiйны фэст пры царкве ў Гацях, - гэта-ж па праву было ягонае сьвята, ягоныя ймянiны. Цярплiва чакаў яго хлопчык ад пачатку вясны - значыцца, ад часу, калi пачаў ганяць на поле статак. Абяцаў яму сёлета Лазоўскi вольны дзень ды шчэ й пяцьдзясят грошаў, каб забавiўся на фэсьце - з тэй умовай, што добра пiльнавацьме статак i сёе-тое ля гаспадаркi паможа. Гэнае "сёе-тое" складалi дробныя працы й паслугi, што не належалi да ягоных штодзённых абавязкаў.

Падахвочаны абяцанкаю, хлопчык пасабляў асаднiку, як роднаму бацьку. Летась-жа на фэст пусьцiў, хоць адно пяць грошаў даў. Кагадзе прыабяцаная пяцьдзясятка здалася Януку прост-напраст невядома якiм вялiзным капiталам. Нiколi ў жыцьцi ня меў так многа ў сваёй часта дзiравай кiшэнi, хоць i даводзiлася бачыць у чужых руках. Колькi-ж гэта марозiва, шакаляду, ляманяды й цукеркаў спажываў ужо ў сваiм уяўленьнi Янук. Мроiлася часамi, што палову тавараў у Жыдоў-крамнiкаў за тыя грошы адкупiць. Вось дзе паласуецца! цешыўся пастушок. Ды й ласавацца-ж будзе не абы як, але абавязкова на воку ў сваiх сяброў - канечне, каб бачылi, зайздросьцiлi й аблiзвалiся, асаблiва-ж доктаравы Ўладзiк i Стась. Цi раз iм ужо iм пра тое хвалiўся.

Ажно чорту нямытаму нешта ў галаве перакулiлася. Насупiўшыся, швэндаўся ўчора, не дазволiў нават на купальскую ноч у сяло да бацькоў зьбегаць, ды потым iз моладзьдзю ля вогнiшчаў i вады пазабаўляцца, папарацi кветкi пашукаць.



6 из 205