Варажыла на нядобрае. Сяньня на досьвiтку, быццам i гаворкi пра тое сьвята й абяцанкаў нiякiх не было, устрэў яго асаднiк i загадаў статак выганяць. Аб падмене й грашох - нi слуху, нi духу. Ледзь асьмелiўся хлопец адчынiць рот, як пан накiнуўся на яго з лаянкай i пагрозамi. Нават тое марнае сьнеданьне камяком у горле засела. Колькi-ж паплакаў хлопчык на полi. Жалем разьпiралi ягоныя грудзi царкоўныя званы, што клiкалi да сябе. Заплыўшымi слязьмi вачыма сачыў ён моладзь i старэйшых, што праз Гараватку й празь лес iшлi ў Гацi. Спачатку нават наважыўся быў кiнуць статак, плюнуць на асаднiка й увесь яго нялюбы род ды пабегчы дадому. Адно як прыгадаў хатнюю галечу ды й тую магчымасьць, што бацька можа вылупцаваць i назад за руку прывесьцi (было ўжо раз i гэтак), тады й думкi з галавы вытурыў.

Трэцi ўжо год пасьвiў Янук Бахмач Лазоўскага статак. Мог-бы ўжо й кiнуць, калi-б ня тая прага да навукi. Кончыўшы пачатковую вясковую школу, мог-бы, як некаторыя iншыя вясковыя падлёткi, бацьку пры гаспадарцы памагаць. Працы хапала. Дык дзе-ж там. Вучыцца яму далей карцiла.

Летась пад вясну тое было. Спытаў бацьку, цi пусьцiць яго наступнай восеньню ў пятую клясу гацкай сямiгодкi. Бацька ня супраць-бы далей сына вучыць, калi-б ня тая вечная нiшчымнiца ў хаце. Хадзiць штодзень за чатыры кiлямэтры ў школу - гэта ня жартачкi, вунь колькi абутку трэба. Дый зь ежай праблема. Дома з аднэй мiскi капусты пасёрбае, а ў школу дык скварку якую трэба. А дзе яе браць?

- Iздзi, сынок, калi цябе да навукi цягнiць, - казаў Пракоп Бахмач Януку. - Толькi помнi, што з абуткам у мяне коратка. От, калi ў лапцёх будзiш хадзiць, дык лыка хвацiць. Сам памяркуй...

Бацька казаў праўду. Той малаўраджайны клiнок зямлi з трох гактараў - ня выкармiць, не апране й не абуе, нават калi летам i ў лiпавiцкага пана крыху пазаробiш. Асаблiва цяжка было з вопраткай i абуткам - хоць ты гвалт крычы.



7 из 205