- Але чаму?.. Франсуаза i я - мы людзi аднаго кола, добра падабраная пара... Палюбуйцеся, Сабiна: гэта сцяна, усыпаная агнямi - скала Манака... Не нахiляйцеся!.. Тэраса крутая i над самым морам... Асцярожна, Сабiна!..

Мiжвольна ён прытрымаў яе за талiю. У тое ж iмгненне яна павярнулася i горача пацалавала яго ў губы.

- Тым горш, Антуан... Я тады страшэнна раўнавала... Як цяжка не сустракацца з чалавекам, якога любiш!.. А помнiце, як мы цалавалiся, гуляючы ў тэнiс?.. О! Вас гэта шакiруе!.. Пазнаю характар Кеснэ. Я ўпэўнена, што вы былi верным мужам...

- Самым верным... Нi разу не саграшыў...

- За дзесяць гадоў? Бедны Антуан!.. I вы былi шчаслiвы?

- Вельмi шчаслiвы.

- Тады ўсё к лепшаму, даражэнькi Антуан... А толькi цiкава тое, што выгляд ваш зусiм не сведчыць аб шчасцi.

- З чаго вы ўзялi?

- Сама не знаю... Нейкая ёсць у вас узбуджанасць, раздражнёнасць, ад незанятасцi цi што... I ўсё ж, Антуан, вы той самы Кеснэ з Пон-дэ-Лёра, чалавек энергiчны, гаспадар... I вы жывяце тут, далёка ад прывычнай справы, ад вашых сяброў... Я добра ведаю, што вы ўсё падпарадкавалi густам вашай жонкi. Але не можа быць, каб вы не шкадавалi аб гэтым?

- Магчыма, спачатку, калi выехаў, i сумаваў крыху. Але я знайшоў сабе тут iншае поле дзейнасцi. Я заўсёды захапляўся гiсторыяй... Я працую... Апублiкаваў некалькi кнiг, якiя мелi пэўны поспех.

- "Пэўны поспех"? Яны мелi надзвычайны поспех, Антуан, гэта - выдатныя кнiгi... Асаблiва ваш "Людовiк Адзiнаццаты"...

- Вы iх чыталi?

- Каб я ды не чытала! Мо сто разоў... Спачатку таму, што, як i вы, люблю гiсторыю... А потым шукала ў iх вас. Я нiколi не была раўнадушнай да вас, Антуан... Вы - цудоўны пiсьменнiк... Не, не, я не перабольшваю. Мне было нават прыкра, калi за абедам Франсуаза не прамовiла нi слова пра творчы бок вашага жыцця... Разы два мой муж прабаваў загаварыць аб вашых кнiгах, Франсуаза яго спынiла. Па-мойму, яна павiнна ганарыцца вашымi кнiгамi...



6 из 11