
- А чым тут асаблiва ганарыцца?.. Яно то праўда, што яна не цiкавiцца маiмi работамi гэтага кiрунку.Яна больш чытае раманы. Затое ў сваёй галiне сапраўдны мастак: умее трапна выбраць гарнiтур, навесцi парадак у садзе... Уявiце сабе, тут кожная кветачка, кожны кусцiк дагледжаны ёю асабiста... З таго часу як крызiс закрануў Пон-дэ-Лёр i нашы прыбыткi намнога ўпалi, Франсуаза ўсё робiць сама.
- "Франсуаза ўсё робiць! У Франсуазы выключны густ!" I што смяшней за ўсё, ён у гэта верыць!.. Ах, якi вы непераборлiвы чалавек, Антуан! Я ж ведала Франсуазу дзяўчынкай... Тады ў яе не было нiякага густу... альбо не, была прагнасць да розных цацак, бляшак, аздоб... Нешта манернае, штучнае... Гэта вы яе выхавалi, прывучылi да хараства лiнiй строгiх, натуральных, да парадку... I што самае галоўнае, гэта вы далi ёй сродкi, каб яна магла жыць, не абмяжоўваючы сябе... Яе вячэрняе плацце - прыгожае, якраз па фiгуры, але не забывайце, мiлы мой, што гэта плацце ад Скiпарэлi... А там лёгка праявiць густ.
- Вы памыляецеся, Сабiна... Гэта плацце Франсуаза пашыла сама разам са служанкай.
- Дзiва што! Хто вам дасць веры! Даражэнькi Антуан, не расказвайце падобных баек жанчыне... Ёсць тэхнiчныя тонкасцi - розныя вытачкi, складкi... Апроч таго, атэлье Скiпарэлi ахоўвае свае сакрэты: спалучэнне залацiстых гузiкаў са стракатым барвенкам могуць вынайсцi толькi там... Але гэта не мае значэння...
- На жаль, гэта мае большае значэнне, чым вы думаеце... Я вам сказаў, прыбыткi нашы зусiм не тыя, што былi раней... Далёка не тыя! Пон-дэ-Лёр не дае мне нiчога, i Бернар пiша, што гэты спад можа цягнуцца некалькi год... Ну, кнiгi мае разыходзяцца нядрэнна... Я надрукаваў некалькi артыкулаў... Але гэтага мала, каб бедная Франсуаза магла заказваць плаццi ў модных атэлье.
