
Цяпер раскажу, якiм чынам пасля доўгае i дзiўнае вандроўкi гэты Драўляны Дзядок трапiў нарэшце да мяне. Ведаеш добра нашу Беларусь, дарагi госцю, пры любых няўродах адзiн толькi лён найчасцей можа задаволiць нашы патрэбы, калi Пан Бог бласлаўляе наша поле. У пазамiнулым годзе было ў мяне шмат гэтага тавару, у нас яго набываюць купцы, а пасля, сабраўшыся з цэлае Беларусi, вязуць Дзвiною на караблях у Рыгу. Дык я з гэтым iнтэрасам прыехаў да купца, каб збыць яму свой тавар. У яго пабачыў вялiкi беспарадак, ягоная жонка Яўхiмiя ад вялiкага пярэпалаху i гневу ледзь дом не растрасла, наракаючы на свайго мужа: прывёз зачараванае страшыдла, якое заўсёды не дае ёй спакою. Купец толькi гадзiну назад вярнуўся дадому i, апраўдваючыся, прысягаў ёй, што ён зусiм у гэтым не вiнаваты. Ледзь гэты бунт я ўтаймаваў. Пасля спытаўся ў купца аб прычыне такой жончынай трывогi. Ён мне паведамiў, што галава мысляра Сакрата немаведама як з'явiлася ёй перад вакном i цяпер ляжыць за сцяною. Вывеў мяне з дому, каб паказаць таго Дзядка, i прасiў мяне, каб я абавязкова забраў яго; я паклаў яго ў карэту, пагаварыў з купцом пра лён i вярнуўся дахаты.
Праз нейкi час пачуў такую гаворку мiж суседзяў:
- Яўхiмiя, заўсёды сварачыся з мужам, знелюбiла яго i хацела пакiнуць назаўсёды, а можа, мела яшчэ i прыяцеля, якi яе да гэтага падбiваў. Дык калi муж быў у ад'ездзе, яна збiрала ўсё, што можна забраць з сабою, каб пакiнуць мужу пусты дом, ды тут нечакана глянула ў вакно i ўбачыла драўляную галаву таго Дзядка; невядома, адкуль i якiм чынам з'явiлася тая перад вакном. Яўхiмiя закрычала ад страху i самлела. Пачулi ў другiм пакоi сямейнiкi, прыбеглi на ратунак, ледзь прывялi яе да прытомнасцi, скiнулi Дзядка з вакна, каб ён другi раз не трапiў ёй на вочы. У гэты час прыехаў купец, i тут пачалася жахлiвая бура, але добра, што не ўдалося ёй пакiнуць свайму мужу пусты дом.
