
Хапацкi думаў пра тое, каб трапiць у вёску, пераначаваць там i дапытацца дарогi. Тут знячэўку чорная хмара пакрыла неба, ноч зрабiлася такая цёмная, што на крок перад сабою нiчога не ўгледзiш, да таго ж i дождж лiнуў; нешчаслiвы вандроўнiк не ведаў, што чынiць, ды тут пры святле блiскавiцы ўбачыў каля дарогi маленькую будову. Былi гэта могiлкi, i здаўна там стаяла драўляная каплiчка. Хапацкi зварочвае з дарогi, каб схавацца ад навальнiцы. У цiхiм месцы за сцяною паставiў каня, сам заходзiць у каплiчку i чакае ў куце, пакуль прамiне гэтая бура. Пасля дастаў з кiшэнi табакерку i толькi адчынiў яе, як у святле нечаканае блiскавiцы ўбачыў над табакеркаю нейкую вялiзную сухую руку, што ўжо была гатовая ўзяць шчопаць тытуню. Перапалохаўся пан, выпусцiў з рук табакерку, выбег за дзверы i, не зважаючы на дождж i вецер, бяжыць у поле, сам не ведаючы куды. Шчасце, што ў хуткiм часе разышлiся тыя хмары, i ён на ўсходзе ўбачыў дзяннiцу i непадалёку на пагорку вёску, паспяшаўся туды, сустрэў сялян, што iшлi з косамi на луг. Ад iх даведаўся, што ён паблiзу Вiцебска, некалькi дзесяткаў вёрст ад свайго дому. У гурце касцоў прыйшоў на могiлкi, знайшоў каня i брычку на месцы, а табакерку ў каплiчцы на зямлi, аднак Дзядка там не было, i пан не памятаў, дзе i якiм чынам яго згубiў; праз колькi дзён пан Хапацкi вярнуўся дахаты i з таго часу вельмi добра запомнiў, што ёсць рэчы незразумелыя i яму, хоць ён ведаў не менш за Сакрата.
Амаль год пра Дзядка хадзiлi дзiўныя весткi; казалi, што нейкi пiлiгрым, носячы яго ў руках, з'яўляўся ў некаторых вёсках, вучыў люд дабрачыннасцi, нагадваў iм, каб яны шанавалi даўнiя звычаi i традыцыi сваiх продкаў, каб не адступалi ад праўдзiвае веры. Слухмяных i пабожных людзей ён бласлаўляў, ад разбэшчаных i адступнiкаў уцякаў.
Iншыя расказвалi, што перад заходам сонца была аднаго разу дзiўная праява, бачылi яе пастухi i аратыя. Нейкая прыгожая кабета ў белых строях, падобная да анёла, вянкамi цудоўных кветак упрыгожвала на лузе галаву таму Дзядку, i калi цiкаўныя людзi захацелi падысцi блiжэй, дык тая кабета, як бы дух якi, аддалялася ад iх - нi равы, нi густыя хмызы ёй не замiналi, узышла на возера i, нiбы белы воблак, узнялася над чыстай вадою i знiкла. Шмат такiх дзiвосаў расказвалi.