
Ужо другi год маю ў сябе гэтага Дзядка, i, дзякуй Богу, усё iдзе шчаслiва, цаню яго як найдаражэйшую памятку.
Калi пан З... закончыў расказваць, абазваўся Ротмiстар:
- А я, стары чалавек, раскажу старое апавяданне пра кабету Iнсекту i пра гэтага Дзядка, бо цяпер казалi, што нейкая кабета аздабляла яго кветкамi. Так, яна ўжо адпакутавала за свае грахi. Раскажу, што ад iншых чуў, а цi гэта праўда, не мой клопат.
КАБЕТА IНСЕКТА
Даўней жыла ў нашым краi багатая панi. Я не памятаю яе прозвiшча, але гэта неiстотна. Дык вось тая панi здзекавалася са сваiх падданых i лёкаяў, забыла пра веру i хрысцiянскiя абавязкi, ёй здавалася, што чалавек - гэта яе ўласнасць, гэтаксама, як i кожная рэч, i што яна мае права чынiць над людзьмi што захоча.
Яна рабавала бедных сялян, увесь плён мазольнае iхняе працы пускала на раскошу. А людзi ў той час разлучалiся з душою ад голаду. Яна хадзiла ў дарагiм ядвабе i дыяментах, а яе падданыя не мелi чым накрыцца ад холаду i ветру; калi хто завiнавацiўся ў чым - кара была немiласэрная, ды яна часта i без вiны жорстка карала. Панi так лютавала, што загаралася гневам, калi дзяўчына з яе воласцi захоча замуж за чалавека вольнага i багатага. Адразу гэтую гаротнiцу садзiла ў кайданы, быццам тая ўчынiла нейкае страшнае злачынства.
Так жывучы, гэтая зласлiвая кабета заўважыла, што яна ўжо састарэла, а сумленне шаптала ёй, што скончыцца некалi жорсткае панаванне, ды i здароўе пачало слабець. Бачачы свой блiзкi скон, яна перамянiла свае звычкi, зрабiлася пабожнаю i мiласэрнаю, давала мiласцiну жабракам, адпiсала нейкiя грошы на кляштары ў Полацку, абы малiлiся ўсюды, каб Бог даў ёй здароўе i дазволiў доўга жыць на свеце. Зазванiлi ва ўсiх касцёлах, сабраўся люд, абвясцiлi пра гэта з амбона, паляцелi ў неба малiтвы пабожных людзей i весткi пра святыя ахвяры. Залагоджаны малiтвамi вернiкаў, Бог злiтаваўся над грэшнiцаю, дазволiў доўга жыць на гэтай зямлi i чакаў пакаяння.
