Панi пражыла гадоў сто, ды не толькi не змянiлася на лепшае, але гнеў i жорсткасць яшчэ болей выраслi ў яе сэрцы. Так што большая частка яе падданых, пакiнуўшы свае хацiны, тулялася па свеце, шукаючы сабе спажытку, i лёкаi разбягалiся, кленучы сваю панi. Суседзi яе ненавiдзелi, нiхто не хацеў адведаць, нiхто не хацеў яе сустрэць цi нават наблiзiцца да яе жылля. А гнеў нiшчыў яе цела, выпетрала ад злосцi, i постаць яе дзень пры днi змяншалася.

Доўга так жывучы, забытая людзьмi, яна сохла i пакрысе змяншалася, ужо была падобная да хворага карузлiка, пасля на немаўля, робячыся ўсё шчуплейшаю. Нарэшце перамянiлася ў нейкую дзiўную Iнсекту, з аднаго i другога боку выраслi ў яе доўгiя празрыстыя крылы. Аднак тая самая злосць гарэла ў яе сэрцы.

Прамiнула шмат гадоў. Тая грэшная кабета жыла, як бы заклятая ў аблiччы нейкае крылатае пачвары, а хто падыходзiў да яе жытла, дык бачыў, як яна вылятала адтуль з жахлiвым крыкам i адганяла перапалоханага прахожага, лётаючы ў яго над галавою.

Прыехаўшы здалёку, новы дзедзiч пан А. пачаў гаспадарыць у тым маёнтку, а калi суседзi расказалi яму пра напады страшнае Iнсекты, ён загадаў адчынiць усе вокны, акурыць дымам пакоi, i дарэмна тая, з жахлiвым пiскам i крыкам кiдаючыся ў вочы, страшыла людзей. Пераможаная дымам, яна мусiла ляцець у сад i схавацца мiж дрэваў. Але злосць кiпела ў яе сэрцы, i яна хацела што б там нi было выгнаць новага гаспадара з дому.

Лёкаi пана А. расказвалi, што апоўначы чуцён шум i нейкi пiск пад падлогаю i па кутах, часам з'яўляюцца страшныя зданi i нейкiя звераняты, падобныя да жаб i жукоў з чорнымi кашэчымi галовамi i зiхоткiмi, як iскры, вачыма; калi хто падыдзе, яны ўмомант знiкаюць, правальваючыся куды-небудзь у дзiркi або ў шчылiны ў сцяне; i што гэта абавязкова мусяць быць злыя духi. Яны раiлi пану, каб запрасiў ксяндза i пасвянцiў дом. Пан смяяўся i казаў, што гэтыя дзiвы ад iхнiх забабонаў, бо дасюль ён нiчога такога не бачыў.



12 из 39