
Праз некалькi дзён апоўднi неба было пагоднае. Пан А. адчынiў вокны i сядзеў адзiн, задумаўшыся, у пакоi. Тут залятае Iнсекта, кружыцца па пакоi, у пiсклявым яе голасе чуваць страшная лаянка i праклёны. Яна села перад панам на стале - ён заўважыў як бы жаночую постаць, ногi i рукi сухiя, падобныя на пчалiныя, i сама тонкая. Тут яна ўзлятае са стальнiцы, кружляе вакол галавы пана А. i ўжо хоча ўбiцца ў яго валасы. Ён жа, накрыўшы галаву хусткаю i баронячыся, як ад пчалы, выбег перапалоханы з дому, загадаў лёкаям выгнаць тую страшную пачвару дымам i зачынiць вокны.
Прайшло некалькi дзён. Калi пан А. чытаў у садзе пад лiпаю раман, зноў з'явiлася тая Iнсекта. Пырснула кроплю нейкай атруты, якая прапалiла старонкi i вопратку пана. Iнсекта, вiючыся ля галавы, лаяла i кляла яго пiсклявым чалавечым голасам. Увесь дрыжучы з пярэпалаху, пан А. ускоквае ў пакоi i доўга думае, як пазбыцца гэтае жахлiвае пачвары.
Пры кожным зручным выпадку Iнсекта помсцiла яму. Аднаго разу, калi пан верхам аб'язджаў свае палеткi, яна, лётаючы побач, пранiзлiвым крыкам спудзiла каня, якi наўскапыт паляцеў праз равы i пагоркi i скiнуў гаспадара. I той ляжаў скрываўлены, без дыхання, пакуль не падбеглi аратыя. Яны прынеслi пана дахаты, i лекар ледзь выратаваў яго ад смерцi.
Па ўсёй ваколiцы разышлiся гэтыя чуткi, толькi i гаварылi пра злую кабету, якая перамянiлася ў страшную Iнсекту. Усе суседзi шкадавалi пана А., але нiхто з iх не пераведаў хворага, бо ўсе баялiся падысцi да яго маёнтка.
Калi пан А. ачуняў i думаў, як пазбыцца праклятае Iнсекты i злых духаў, з якiмi яна, пэўна, пасябравала, ён успомнiў параду сваiх лёкаяў i вырашыў запрасiць каплана i пасвянцiць дом. Дык пасля захаду сонца, калi Iнсекта, схаваўшыся ў траве, спала, ён загадаў запрэгчы коней i ўначы паехаў у Полацак.
Ранiцаю пасля святое iмшы сустракалi яго знаёмыя, з цiкавасцю распытвалi пра дзiўную Iнсекту i пра нешчаслiвы выпадак, калi яго скiнуў конь, бо ўжо пра гэта чулi i ў горадзе.
