
Калi прыйшоў у кляштар i расказаў, што з iм прычынiлася, усе дзiвiлiся. Ксёндз, чалавек пабожнага жыцця, кажа:
- Гэта, напэўна, злыя духi i нейкая чараўнiца, якая зусiм выраклася Бога; трэба пану А. дапамагчы, паклапацiцца пра яго спакой i пра яе душу.
I тае ж ранiцы пан А. з ксяндзом, не баючыся нападу Iнсекты, выправiлiся дадому.
Прыехалi ў маёнтак. Ксёндз, прачытаўшы свае малiтвы, пачаў крапiць святою вадою пакоi. Страх успомнiць, што там рабiлася. Са страшным пiскам i сыканнем з усiх кутоў пасыпалiся страшыдлы: матылi, у якiх заместа крылаў вырасталi з бакоў вогненныя языкi; тоўстыя чэрвi, што дыхалi дымам, быццам пухiры ўзнiмалiся ўгору; крыклiвыя цвыркуны i крылатыя гады лёталi над падлогаю.
- Гэта грахi чараўнiцы, - сказаў ксёндз. Ён загадаў адчынiць вокны. Жахлiвыя стварэннi з пiскам i сыканнем адляталi i нiклi ў паветры.
Калi свянцонаю вадою выслабанiлi дом ад страшыдлаў, пан А. завёў ксяндза ў сад, адкуль вылятала тая шкадлiвая Iнсекта. Там, калi каплан адмаўляў святыя пацеры, у кустах агрэсту абазваўся пiсклявы голас, у якiм чулiся кленiчы i розныя блюзнерствы, а пасля нараканнi, енк i плач. Сабраўся ўвесь двор паглядзець на гэтыя дзiвы, ксёндз, кропячы свянцонаю вадою кустоўе, загадаў ёй вылецець адтуль i сесцi на лiпавай галiнцы. Яна iмгненна, як страла, вылецела i села на лiпавым лiсцiку. Усе дзiвiлiся на яе: у гэтай Iнсекце лёгка можна было ўгледзець жаночую постаць з крыльцамi. Ксёндз зняў яе з лiсцiка, пасадзiў у шкляны слоiк i занёс у пакой.
Ужо без страху глядзелi ўсе зблiзку на гэтую маленькую пачвару: доўгiя валасы спадалi з галоўкi, якая была не большая за звычайную гарошыну; iскрынкамi блiшчалi завушнiцы ў вушах, i нешта ружавела на шыi, нiбыта ланцужок караляў; жоўтая ядвабная сукенка была, здавалася, падпяразаная пасам такога самага колеру; твар бледны, вiдаць было, што ў гэтыя хвiлiны курчылася ад гневу.
