
Ён вывеў мяне на бераг iмклiвае рэчкi, дзе ўспененыя хвалi шумелi мiж камянёў: мiнуўшы лугi, яна хавалася ў густым хмызняку. Мы сядзелi на высокiм беразе ў засенi алешыны. Севярын задумлiва паглядзеў на ваду. Падзьмуў з поля ветрык, зашумелi дрэвы; ён ачнуўся ад сваiх думак i сказаў мне:
- Я часта наведваю гэтыя мясцiны, люблю адзiн сядзець тут i прыгадваць мiнулае. Успамiнаю ўсе размовы, якiя меў некалi з Адэляю, хоць яна зусiм пра мяне забыла, быццам даўно ўжо мяне пахавалi.
Раптам паказаў рукою на ваду
- Глядзi, глядзi! Вось ляцiць саранча! Бачыш яе? Падвойныя шэрыя крылы, яна ўсюды тут у нас лётае i ўсё жарэ ў паветры i на зямлi. Яшчэ што скажу: нiколi яна не гiне, як шатан, з'яўляецца ў розных аблiччах. Калi пажоўкнуць трава i лiстота на дрэвах, павее халодны восеньскi вецер, яна падае на ваду, скiдае з сябе крылы, ператвараецца ў вадзяное страшыдла i там жарэ ўсё, што сустрэне. Прыйдзе вясна - у яе вырастаюць новыя крылы, яна вылятае з вады з разяўленаю пашчаю, як лятучы цмок, i каго напаткае - знiшчае. Завалодала гэтая пачвара зямлёю i вадою, яна заўсёды прагне здабычы. Цi не яна заразiла чалавечыя сэрцы, што людзi прыгнятаюць адзiн аднаго.
- Нейкая чорная меланхолiя, - сказаў я, - зацьмiла твае думкi, усё бачыш ты ў пачварных вобразах. Нешчаслiвы, з такiмi думкамi нiколi не прычакаеш спакою.
- Вось i не здагадаўся! Я маю добрую думку: буду падарожнiчаць. Далёка ў чужых краях, дзе пануе вечная вясна, у гарах, ля вадаспаду або ў дзiкiм лесе буду жыць спакойна, пра Адэлю нават i не ўспомню, бо памiж намi будзе вечнасць. Вечнасць!..
- I родны край забудзеш?
- О, не! - адказаў ён. - Калi не вярнуся на Бацькаўшчыну i памру недзе самотны на вяршынi гары ў чужым краi, крукi занясуць туды мае косцi; усё ж лепей быць пасля смерцi з птушкамi, а не з чарвякамi.
Я быў там цэлы дзень; блукалi з iм па гарах i лясах, i ён несцiхаючы гаварыў пра свае мроi. Затрымаў мяне i на ноч. I ў хаце мы яшчэ доўга размаўлялi. А ўначы ён часта ўсхоплiваўся з ложка, уставаў i хадзiў па пакоi, дык i я спаў не шмат, бо кожную гадзiну мой сон перапыняўся.
