I аднойчы, падбадзёраны адной такою сяброўкай, ён вырашыў пачаць усё спачатку. Ён вярнуўся дадому i зноў паспрабаваў працаваць у спальнi, балазе краўчыхi тады не было. Але ўжо праз гадзiну адклаў палатно, усмiхнуўся Луiзе, гледзячы на яе пустымi вачыма, i выйшаў. Увесь дзень ён пiў, а ноч правёў у сваёй сяброўкi, хоць быў, зрэшты, няздольны яе пажадаць. Ранiцай Луiза сустрэла яго ў смутку, яе твар увасабляў сабой жывы боль. Яна хацела ведаць, цi спаў ён з гэтай жанчынай. Ёна адказаў, што з гэтай - не, бо быў п'яны, але раней спаў з iншымi. I ўпершыню, з адчаем у сэрцы, ён убачыў такi твар у Луiзы, твар тапелiцы, на якiм адбiлiся здзiўленне i вялiкая пакута. Тады ён раптам уразумеў, што за ўвесь гэты час нават не думаў пра яе, i яму зрабiлася сорамна. Ён папрасiў прабачэння, цяпер з гэтым кончана, заўтра ўсё будзе зноў як раней. Луiза была няздольная штосьцi сказаць i адвярнулася, каб схаваць свае слёзы.

На другi дзень Ёна выйшаў з дому вельмi рана. Iшоў дождж. Ён вярнуўся прамоклы да касцей, цягнучы на сабе нейкiя дошкi. У вялiкiм пакоi за кавай сядзелi два старыя сябры, якiя прыйшлi яго наведаць. "Ёна мяняе дэкарацыi. Цяпер ён будзе маляваць на дрэве!" - сказалi яны. Ёна ўсмiхнуўся: "Зусiм не. Але я сапраўды пачынаю нешта новае". Ён прайшоў у маленькi калiдор, куды выходзiлi душавы пакой, прыбiральня i кухня. Там, дзе калiдор паварочваў, ён спынiўся i доўга разглядаў высокiя сцены, што ўздымалiся пад змрочную столь. Спатрэбiлiся лескi, i ён спусцiўся па iх да кансьержа.

Калi ён вярнуўся, у кватэры было яшчэ некалькi знаёмых, i яму давялося адбiвацца ад iх захопленых воклiчаў i пытанняў дзяцей, каб нарэшце дабрацца да канца калiдора. Жонка ў гэту хвiлiну якраз выходзiла з кухнi. Ёна паставiў лескi i моцна прыгарнуў яе да сябе. Луiза зiрнула яму ў вочы. "Прашу цябе, сказала яна, - не трэба пачынаць усё зноў". - "Не, не, - адказаў Ёна. - Я буду маляваць, я павiнен маляваць". Але здавалася, ён казаў гэта самому сабе, яго позiрк быў недзе вельмi далёка.



26 из 31