
- Уге, быдта на пажар паджгаў Марко са сваiм хаўрусам! - здзiўлена паглядзела ў бок паветак Валяр'янiха, яна перавяла свой позiрк на мае кнiгi, пакасiлася з хвiлiнку, чытаючы назву верхняй, а потым задумлiва дадала: - Пра iх долю, мабуць, складзена - ось йаго i падхапiла.
- Так, iх жыццёпiс. Кнiга цiкавая. I ўпершыню выйшла ў нас.
- Ось яно шчо... Ну, то не дзiва, чаму йаны ўсхадзiлiся - радасць! Ге, а коб шчэ па-iхняму йана - ото було б падскоку... Добрэ, шчо выйшла. Цi багато йана каштуе?
Я адказаў i, ладкуючы кнiгi ў сетку, спытаў:
- Вы сказалi: Марко - ведаеце яго?
- Бачыла не раз. I тут, i ў сваiм сэле колiсь. Недзе за Прыпяццю на цагельнi цi на тарфоўнi працуе. Там iх, кажуць, цэла купа сэм'яў.
Я разлiчыўся з маладзiцай, развiтаўся i пасунуўся далей, пятляючы ў гаманлiвым людскiм вiры. Наводдаль, у забакавiннi рыначнага панадворку, чуўся звон металёвых вырабаў, ганчарнага посуду, бялелiся самаробныя рэчы з дрэва - i ў гэтую мясцiну, што вабiла мяне з самага прыходу на рынак, я скiраваў сваю хаду. Iшоў, пазiраў на сёе-тое, а думкi адно што снавалi вакол асобы Марко, вакол кнiгi, з-за якой усё i ўсчалося. Прыгода сапраўды адбылася незвычайная, i кожная драбнiца, звязаная з ёй, паўставала цяпер у нейкай новай акрасе, выклiкаючы чароды разваг.
Кнiжку, якая так прынадзiла дзядзьку-цыгана, я i сам, прызнацца, пашукаў нямала. Ведаў, што яна выйшла з друку, ганяўся за ёй, а знайсцi доўгi час нiяк не мог. Дома, у Менску, аблётаў усе кнiгарнi, у iншых гарадах, калi здаралася быць у камандзiроўках, прапытваў, нават склады i базы турбаваў - няма, разышлася. Тое ж пачуў i ў пiнскiх гарадскiх кнiгарнях учора - была нейкая колькасць, ды ўраз знiкла. I вось сёння тут, на гэтым рынку, у малапрыкметным павiльёнчыку, мяне напаткала ўдача.
Звычайны павiльёнчык культтавараў, а кнiг у iм - ажно ахнуў, як пабачыў: амаль цалюткiя тры сцяны застаўлены з нiзу да верху i яшчэ на падлозе, ля стэлажоў, - стосы.
