Да дзвюх сцен не было як падступiцца замiналi прылаўкi з разнастайнай культтавараўскай кладдзю. Толькi здаля, касавурачыся, пашнарыў я вачамi па палiцах, разбiраючы надпiсы на карэньчыках асобных томiкаў. Затое з кнiгамi, што займалi яшчэ адну сцяну, трэцюю, была мажлiвасць пазнаёмiцца як найлепей. Доступ да iх быў вольны, i я, карыстаючыся гэтым, даволi-такi старанна пакапаўся сярод iх.

"Нiколi не было цябе, Цыганiя" - яна трапiлася мне недзе на нiжняй палiцы, калi я ўжо зацiскаў пад пахай дзве iншыя, раней выбраныя кнiгi. Сцiплая памерамi, але зiхатлiва-ўразлiвая сваёй супервокладкай, яна як бы скаланула мяне, апякла нечым трапятлiва-адчувальным - быццам жарынка, якую я раптоўна выхапiў з попелу занядбанага вогнiшча. Мне верылася i не верылася, што гэта кнiга ў маiх руках. З яе вокладкi на мяне глядзела барвовае, знiзу падсветленае начное неба, глядзелi дрыготкiя трагiчна-вясёлыя зоры, у карагодзе якiх, падобна нейкай iлюмiнацыi, гуллiва, можа нават з гаркаватай iронiяй свяцiлiся-крычалi словы пра лёс Цыганii. Мiжволi апантала на момант уява, нiбыта я стаю пад гэтым небам, стаю адзiн на адзiн. Ад такой уявы рабiлася не па сабе, нешта ўнутры ледзянела. Заспакойвала толькi адно: пояс, шырокi, прыгожы цыганскi пояс. Спускаючыся з вышынь, аднекуль з сусвету, ён, накшталт бяскрайняй дарогi, слаўся па зямлi, слаўся як бы побач, сцвярджаючы сваю спрадвечную iснасць i рэальнасць. Здавалася, я фiзiчна адчуваю яго дотык, яго пушыстую цяплынь, i гэта сагравала, настройвала на добры лад.

Потым, яшчэ поўны захаплення ад вокладкi, я рынуўся ўнутр кнiгi, шукаючы новых цудаў.

Маляўнiчыя тытульныя старонкi, багатыя каляровыя малюнкi-ўклейкi, дыялогi, перасыпаныя першароднымi словамi, самабытнымi песнямi i прыказкамi, - усё дыхала сапраўднай Цыганiяй, хвалявала i вабiла. Збiральнiк казак i складальнiк - венгр. Iлюстрацыi зроблены венграм. Пасляслоўе, поўнае спагады да мiнулага цыган i радасцi з прычыны таго, як iх справы ладкуюцца ў Венгрыi сёння, напiсана венгеркай. I надрукавана кнiга, паводле заказу маскоўскага выдавецтва, таксама венграмi, у iх будапешцкай друкарнi. Было прыемна, радасна i гартаць кнiгу, i думаць пра яе. I мiжволi ўзнiкала само па сабе пачуццё, калi хочацца вiтаць дабрату людскую, калi хочацца дзякаваць за яе.



5 из 11