
Знаходкi ўсцешылi i ўзрадавалi мяне. А калi да iх дадалася яшчэ адна рэдкая кнiга - "Нарысы па гiсторыi беларускай мовы", знойдзеная па маёй просьбе ўжо самiм прадаўцом у бязладдзi непрыступных стэлажоў, я адчуваў сябе зусiм шчаслiўцам, выходзячы з крамы.
- Гаршкi, каму палiваныя гаршкi?!
Воклiч прагучаў ледзь не каля самага майго вуха i вывеў мяне з задумення. Я паглядзеў з усмешкай на дзядзьку ганчара, на шарэнгi яго посуду i пажартаваў:
- Дык жа не адны гаршкi, а вунь i мiскi ў вас...
- I гаршкi, i мiскi, i кошт на iх нiзкi, - пракрычаў дзядзька, не застаючыся перада мной у даўгу. - Е i гладышы, выбiрай, шчо па душы.
Дзядзька быў вясёлы, як бы ўвесь ззяў унутрана i знешне, дарма што немалады. Весела, можна сказаць, выглядалi i яго гаршкi ды мiскi. Яны сытна льснiлiся на сонцы, зыркалi яркiм палiваннем, нiбыта ўсмiхалiся разам са сваiм гаспадаром.
А побач, амаль стыкаючыся з уладаннем дзядзькi ганчара, не меней зiхотка вабiла да сябе бандарна-сталярнае царства. Бочкi i кубельцы, ночвы i маслабойкi, усякiя iншыя вырабы з дрэва - чаго тут толькi не было! I ўсё такое прыгожае, зграбнае - вачэй не адвесцi. Асаблiва прыцягвалi сваiм выглядам самапрадкi - дзве точаныя прыгажунi, што стаялi на прадаўгаватым кляновым столiку. Бялюткiя, сям-там з блакiтнымi абадкамi размалёўкi, яны здалiся мне самадзейнымi акторкамi, якiя ўзнялiся на iмправiзаваную сцэну i вось-вось заспяваюць у пары сваю песню. Напэўна, iх знарок паставiлi так, на ўзвышэннi - маўляў, няхай прычароўваюць людзей, няхай сцвярджаюць, што той, хто стварыў такiя цуды, не будзе прадаваць абы-якiя бочкi i кубельцы.
