У адчыненых дзьвярох перад Верай стаяла дзеўка дзесьцi ў веку сярэдзiны трыццатых гадоў. Цёмныя валосы, закручаныя ў плястычныя качалкi, якiя тубыльцы называюць "кэрлерамi". Твар круглаваты, нос просты, немаляваныя вузкiя вусны й цёмна-рудыя вочы. Лагодная сяброўская ўсьмешка. Сярэдняга росту, з малымi грудзьмi. Белая мужчынская кашуля абвiсала над тугiмi ясна-сiнiмi абношанымi джынсамi. У гэным месцы й часе дзеўка выглядала зусiм мадэрнай. На голых ступнях сядзелi новыя iндыянскiя скураныя "макасыны", папулярныя мясцовыя шлёпкi.

- Гляньце хто тут! Вiтаю, Вера, вiтаю, прашу заходзьце.

- Дзякую. Грыша Вам ужо паведамiў пра мяне?

- Так. Але гляньце, што за красотка! - усклiкнула дзеўка, аглядаючы Веру. На ейным твары зьявiлася запраўднае зьдзiўленьне. - Скажы мне, дзе ты здабыла ўсе гэтыя свае прычындалы?

Вера меркавала як рэагаваць на гэта.

- Ого, што за прывiтаньне! Можна да вас, цi не?

- Заходзьце. Будзем знаёмiцца: я - Нiна Ляскiн, а ты, як мне казалi, Вера Мак.

- Але. Вельмi прыемна.

Вера зайшла ў скромна ўмэбляваны пакой. У куце на тэлевiзары спартовы камэнтатар гучным голасам распавядаў пра ўчарашнюю гульню ў вялiзным мясцовым гакэйным палацы.

- Сядай. сядай, - запрашала Нiна. - Можа хочаш што выпiць з дарогi? Пастаў свае рэчы, пасьля ўпарадкуем. Што прынесьцi?

- Калi маеш, джынджэр эйл.

Неўзабаве Нiна вярнулася з кухнi, паставiла на кафэйны столiк пляшку вiскi, джынджэр эйл, дзьве шклянкi i мiску зь лёдам.

- Ты можа галодная? - спытала Веру.

- Ды не, я ела ў цягнiку.

- Напэўна скупiньдзя Грыша цябе не накармiў?

- А Грыша скупiньдзя? - зьдзiвiлася Вера.



14 из 204