
- Ну, як табе сказаць? Я не заўважыла, каб ён калi-небудзь раскашэлiўся, каб пагрэць нас, дзяўчат, як некаторыя...
Вера разважала, цi гаспадыня гэтага памешканьня дэманстравала сваю дэклярацыйнасьць цi шкадавала, магчыма, што Капшун ня бегаў за ёй.
- Пытаўся ён мяне, цi магу ўзяць пад сваё апякунчае крыло адну нашу асобу, што прыедзе сюды з паўночнае дзiчы, - прадаўжала Нiна, напаўняючы шклянкi напiткамi i лёдам. - Прабач мне, цi ты казала, што сам джынджэр эйл, цi i вiскi?
- Калi ты ўжо налiла, то вып'ю, - усьмiхнулася Вера.
- Дык я тады пытаюся Грышу: а якога-ж кавалера ты мне прышлеш? Ён расказаў мне пра цябе, што патрабуеш памешканьня й працы, добрага нагляду... Дык давай, вып'ем за нашае здароўе i знаёмства.
Стукнулiся шклянкамi.
- За здароўе!
Выпiлi па палове налiтага. Нiна села побач.
- Грыша гаварыў пра нагляд за мною? - спыталася Вера.
- Ды не, зусiм ня тое. Проста прасiў табе памагчы. Ай-я-яй, але-ж зь цябе й цаца! - бясцырымонна разглядаючы прыгожую дзяўчыну, захаплялася Нiна. - Колькi табе гадоў?
- Адгадай.
- Дам табе... ну... дваццатку.
- Цi я запраўды выглядаю так молада? - спыталася Вера.
- Выглядаеш вельмi маладой i прыгожай, - сказала Нiна зь вялiкiм нацiскам на два апошнiя словы.
- Дзякую. Прабач за пытаньне.
- Пытайся.
- Капшун сказаў мне, што маеш для мяне недзе работу... у нейкiм Трыфты...
- У Трыфты Тонi. Так называецца фiрма, дзе я працую загадчыцай дэпартаманту. Сама я не гаварыла са старым Жыдам, але надзейная асоба шапнула мне, што патрабуюць дзьве асобы на помач, дык я i сказала Грышу, калi была пра цябе гутарка...
- А што-ж яны плацяць?
- Сорак на тыдзень на пачатак. Ведаю, што гэта мала, але калi будзеш старацца...
- Ну няхай сабе... Хiба-ж на кватэру заплацiць хопiць? - усьмiхаючыся Вера пазiрала Нiне пiльна ў вочы.
