- За кватэру нямнога, дзясятка хопiць, - адказала Нiна.

I Вера ня ведала, цi Нiна жартуе, цi што. Не выпадала цяпер таргавацца, бо Нiна Ляскiн - ейныя першыя адкрытыя дзьверы ў Радфордзе.

- Ня буду цяпер распытвацца пра варункi працы, бо якi-ж маю выбар, гаварыла далей Вера, пiльна разглядаючы гэны клубок шпулек на галаве гаспадынi.

- Спадзяюся, што скора ўложышся. Спачатку, вядома, пакуль разгледзiшся, будуць розныя пытаньнi... Мне казалi, што ты вельмi актыўная i працавiтая дзяўчына.

Вера не магла ведаць колькi й чаго яшчэ расказалi Нiне пра яе. Пажывецца, пабачыцца. Нiна Ляскiн выглядала вельмi сяброўскай, бадзёрай, практычнай, верацяном актыўнасьцi. На вячэру падсмажыла сьвiнiну - так званыя порк чопы. Елi з варанай бульбай, зялёным гарошкам з банкi. I паўтарылi тосты за сяброўства й супрацоўнiцтва.

Падчас перадаваньня вячэрнiх навiнаў Вера зь цiкавасьцю слухала паведамленьнi пра рух на галоўных дарогах, якiя тут называюць экспрэсвэйс. Найшырэйшая зь iх, дзе можна ехаць максымальнай скорасьцю 80 кiлямэтраў на гадзiну, як вялiкi вуж цягнецца праз горад з усходу на захад. Яна на дванаццаць палосаў, цi, як мясцовыя называюць, лiнiяў. У многiх месцах яна то крыху разгалiняецца, то злучаецца. Агульна гаворачы, гэтая адна дарога, яе можна было-б назваць супэраўтастрадай - абыймае шэсьць дарог у адным i шэсьць у супрацьлеглым кiрунку. Iншыя, падобныя, хоць i меншыя аўтастрады, лучылi горад з усходу, i захаду, беглi i ўскосна з паўдня на поўнач. Горад рос з дынамiкай малаведамай у якiм iншым месцы гэтага кантынэнту. Вялiкiя грошы ўкладалiся ў разрост сеткi супэрмадэрных дарогаў i падзямельнага мэтро.

У гэны вечар трымала добрая пагода. Вялiкiх выпадкаў на экспрэсвэях ня было, усё-ж наглядчык руху, што апiсваў яго падчас перадаваньня тэлевiзыйных навiнаў, прыгадаў, што за сёлетнi год у горадзе па дарогах аўтамабiльны рух забiў дваццаць сем чалавек. Многа гэта цi мала? Вера ня ведала. Горад расьце, напружвае свае мускулы. Мясцамi тое ды гэна трашчыць, iрвецца, крышыцца, разьбiваецца, лопае. Хутка растучы гiгант мае свае зрывы, правалы. Спрычыняюцца да гэтага мясцовыя палiтыканы. Пры дзьвярох - маса эмiгрантаў з Эўропы, а там далей ужо чуваць вэрхал Азiятаў, Афрыканцаў i шматлiках астравоў Карыбii.



16 из 204