
- Яно-ж сабе так, дачушка, - згадзiлася матка, - алi-ж цяперака вайна, усiх маладых вунь пазабiралi. Мусiць той немiц добра-ткi палякам уляпiў. Чаму-ж цяперака гэтым во нi прыйсьцi, калi ўздумаюць? Хто-ж iх задзержыць?
- Ну стой-жа, ты! - гукнула Дуня на карову, каторая ўсьпела ўжо скончыць траву, ды крутанулася задам ад дзяўчыны. Малако закрыла дно вядзёрца. Дуня пагладзiла карову па баку, ды зноў прымашчвалася пад вымя.
- Чаго-ж гэта я стаю? - спахапiлася Макатунiха, - падсьвiнак вуньдзiка сьцяну грызець.
Дуня перацэдзiла пахучы сырадой, пералiла ў гладыш, паставiла на палiцу ды выгнала ў загарадку карову. Тымчасам мацi справiлася з падсьвiнкам i курамi. Сонца выкачвалася ўжо з-за балота, пазалацiла Архiпаў чуб.
- Ну дзе-ж гэта дзяўчына падзелася? Цi нi пара ёй дамоў? - трывожылася Макатунiха.
- Нi бядуй, мамачка, прыдзiць, ня дзе нi дзенецца.
За Гараваткай пачулася чарга стрэлаў. Дачка з маткай спынiлiся перад хатай.
- Чуеш, дачушка?
- Чую, нi глухая-ж...
- Дык гэта-ж тамака, дзе Параска казала браму будуць строiць. А божачкi-ж мае, можа нядобрае што. Трэба пабегчы даведацца!
Трывожным прадчуваньнем новага лiха ўспыхнула Макатунiха. Тузанула дзьверы.
- Алена, глядзi дзетак! За Гараваткай на гасьцiнцы страляюць. Трэба пабегчы паглядзець... каб там баранi Бог...
- Мама, я з табой! - пасьпяшыла Дуня.
- Як хочаш, дачушка. Скарэй-жа! А Божа-ж мой! - залямантавала старая. Дачка з маткай подбегам кiнулiся на бальшак i без аглядкi накiравалiся на Лiтоўцы.
4
Дзяцюкi паказелiлi вочы на браму, а найбольш на павешаную Макатунiшку й стаялi на абочыне дарогi, быццам укапаныя. Зьбялелы таўсташчокi Сабакевiчаў твар перасмыкнуўся брыдкай грымасай. Звузiлiся шэрыя вочы й задрыгаў на лбе шырокi шрам. Касматая рука палезла ў незачэсаныя валосы, галава на таўстой шыi ледзь павярнулася да Лявона.
