
Яму снiлася дрэўца з кругленькiмi залатымi лiстамi... Толькi ён працягнуў руку...
- Гэй, сiньёр Бурацiна, пара, поўнач ужо...
У дзверы стукалi. Бурацiна ўсхапiўся, працёр вочы. На ложку - нi ката, нi лiсiцы, - пуста.
Гаспадар растлумачыў яму:
- Вашы паважаныя сябры мелi ласку раней устаць, падсiлкавалiся халодным пiрагом i пайшлi...
- Мне нiчога не загадалi перадаць?
- Вельмi нават загадалi, - каб вы, сiньёр Бурацiна, не трацячы нi хвiлiны, беглi па дарозе да лесу...
Бурацiна кiнуўся да дзвярэй, але гаспадар стаў на парозе, прыжмурыўся, упёр рукi ў бокi:
- А за вячэру хто будзе плацiць?
- Ой, - пiскнуў Бурацiна, - колькi?
- Роўна адзiн залаты...
Бурацiна адразу ж хацеў прашмыгнуць мiма яго ног, але гаспадар схапiў ражон, - шчацiнiстыя вусы, нават валасы над вушамi ў яго сталi дыбам.
- Плацi, нягоднiк, а не - дык праткну цябе, як жука!
Давялося заплацiць адзiн залаты з пяцi. Пашмыгваючы ад такой крыўды, Бурацiна пакiнуў праклятую харчэўню.
Ноч была цёмная, - гэтага мала - чорная, як сажа. Усё навокал спала. Толькi над галавой Бурацiна нячутна лятала начная птушка Сплюшка.
Закранаючы мяккiм крылом яго нос, Сплюшка паўтарала:
- Не вер, не вер, не вер!
Ён са злосцю спынiўся:
- Чаго табе?
- Не вер кату i лiсiцы...
- Ды ну цябе!..
Ён пабег далей i чуў, як Сплюшка стракатала наўздагон:
- Бойся разбойнiкаў на гэтай дарозе...
На Бурацiна нападаюць разбойнiкi
На ўскрайку неба з'явiлася зеленаватае святло, - узыходзiў месяц.
Наперадзе паказаўся чорны лес.
Бурацiна пайшоў хутчэй. Хтосьцi ззаду за iм таксама пайшоў хутчэй.
Ён кiнуўся бегчы. Хтосьцi бег за iм следам бясшумнымi скачкамi.
Ён азiрнуўся.
