
Яго даганялi двое, - на галовах у iх былi надзеты мяшкi з прарэзанымi дзiркамi для вачэй.
Адзiн, нiжэйшы ростам, размахваў нажом, другi, вышэйшы, трымаў пiсталет, у якога дула пашыралася, як лейка...
- Ай-ай! - запiшчаў Бурацiна i, як заяц, кiнуўся да чорнага лесу.
- Стой, стой! - крычалi разбойнiкi.
Бурацiна, хоць i быў страшэнна перапалоханы, усё ж здагадаўся, - сунуў у рот чатыры залатыя манеты i звярнуў з дарогi да агароджы, якая зарасла ажынай... Але тут двое разбойнiкаў схапiлi яго...
- Кашалёк або жыццё!
Бурацiна, нiбы не разумеючы, чаго ад яго хочуць, толькi часта-часта дыхаў носам. Разбойнiкi трэслi яго за каршэнь, адзiн пагражаў пiсталетам, другi абшукваў кiшэнi.
- Дзе твае грошы? - роў высокi.
- Грошы, паршшшывец! - шыпеў нiзенькi.
- Разарву на шматкi!
- Галаву адгрызу!
Тут Бурацiна ад страху так затросся, што залатыя манеты зазвiнелi ў яго ў роце.
- Вось дзе ў яго грошы! - завылi разбойнiкi. - У роце ў яго грошы...
Адзiн схапiў Бурацiна за галаву, другi - за ногi. Пачалi яго падкiдаць. Але ён толькi мацней сцiскаў зубы.
Перавярнуўшы яго дагары нагамi, разбойнiкi стукалi яго галавой аб зямлю. Але i гэта яму было хоць бы што.
Разбойнiк, той, што нiжэйшы, пачаў шырокiм нажом разнiмаць яму зубы. Вось-вось ужо i разняў... Бурацiна злаўчыўся - з усяе сiлы ўкусiў яго за руку... Але гэта была не рука, а кацiная лапа. Разбойнiк дзiка завыў. Бурацiна ў гэты час выкруцiўся, як яшчарка, кiнуўся да агароджы, нырнуў у калючую ажыну, пакiнуўшы на калючках шматкi штонiкаў i куртачкi, пералез на той бок i памчаўся да лесу.
На ўзлессi разбойнiкi зноў дагналi яго. Ён падскочыў, схапiўся за галiну i палез на дрэва. Разбойнiкi - за iм. Але iм замiналi мяшкi на галовах.
Ускарабкаўшыся на верхавiну, Бурацiна разгойдаўся i пераскочыў на суседняе дрэва. Разбойнiкi - за iм...
Але абодва тут жа сарвалiся i грымнулiся вобземлю.
