
Бурацiна грукаў у дзверы рукамi i нагамi:
- Памажыце, памажыце, людзi добрыя!..
Тады ў акенца высунулася кучаравая прыгожанькая дзяўчынка з прыгожанькiм кiрпатым носiкам. Вочы ў яе былi заплюшчаны.
- Дзяўчынка, адчынiце дзверы, за мною гоняцца разбойнiкi!
- Ах, якое глупства! - сказала дзяўчынка, пазяхаючы прыгожанькiм ротам. Я хачу спаць, я не магу расплюшчыць вачэй...
Яна ўзняла рукi, сонна пацягнулася i знiкла ў акне.
Бурацiна ў роспачы ўпаў носам у пясок i прыкiнуўся мёртвым.
Разбойнiкi падбеглi да яго:
- Ага, цяпер ад нас не ўцячэш!..
Цяжка ўявiць, чаго толькi яны не выраблялi, каб прымусiць Бурацiна разявiць рот.
Калi б у час пагонi яны не згубiлi нажа i пiсталета, - на гэтым месцы i можна было б скончыць расказ пра няшчаснага Бурацiна.
Нарэшце разбойнiкi вырашылi яго павесiць унiз галавой. Прывязалi да ног вяроўку, i Бурацiна павiснуў на дубовай галiне... Яны селi пад дубам, выцягнуўшы мокрыя хвасты, i чакалi, калi ў яго вываляцца з рота залатыя манеты...
На свiтаннi ўзняўся вецер, зашумелi на дубе лiсты. Бурацiна гойдаўся, як дзеравячка. Разбойнiкам надакучыла сядзець на мокрых хвастах...
- Павiсi, дружа, да вечара, - сказалi яны злавесна i пайшлi шукаць якую-небудзь прыдарожную харчэўню.
Дзяўчынка з блакiтнымi валасамi выратоўвае Бурацiна
За галiнамi дуба, дзе вiсеў Бурацiна, пачынала свiтаць.
Трава на палянцы зрабiлася шызай, блакiтныя кветкi пакрылiся кропелькамi расы.
Дзяўчынка з кучаравымi блакiтнымi валасамi зноў высунулася ў акенца, працерла i шырока расплюшчыла заспаныя прыгожанькiя вочы.
Гэтая дзяўчынка была самай прыгожай лялькай з тэатра лялек сiньёра Карабаса Барабаса.
Не маючы сiлы цярпець грубыя выхадкi гаспадара, яна ўцякла з тэатра i пасялiлася ў адзiнокiм домiку на шызай палянцы.
Звяры, птушкi i некаторыя з казюлек вельмi палюбiлi яе, - мабыць, таму, што яна была выхаваная i лагодная дзяўчынка.
