Звяры прыносiлi ёй усё, што патрэбна для жыцця.

Крот прыносiў спажыўныя карэннi.

Мышы - цукар, сыр i кавалачкi каўбасы.

Высакародны сабака - пудзель Артамон - прыносiў булкi.

Сарока крала для яе на рынку шакаладныя цукеркi ў сярэбраных паперках.

Жабы прыносiлi ў арэхавых шкарлупiнах лiманад.

Коршак - смажаную дзiчыну.

Хрушчы - розныя ягады.

Матылькi - пылок з кветак - пудрыцца.

Вусенi - пасту для чысткi зубоў i змазвання рыпучых дзвярэй.

Ластаўкi знiшчалi паблiзу дома восаў i камароў...

Дык вось, расплюшчыўшы вочы, дзяўчынка з блакiтнымi валасамi адразу ж убачыла Бурацiна, якi вiсеў унiз галавой.

Яна прыклала далонi да шчок i крыкнула:

- Ах, ах, ах!

Пад акном, матляючы вушамi, з'явiўся высакародны пудзель Артамон. Ён толькi што абстрыг сабе заднюю палавiну тулава, што рабiў кожны дзень. Кучаравая поўсць на пярэдняй палавiне тулава была расчасана, кутасiк на канцы хваста перавязаны чорным бантам. На пярэдняй лапе - сярэбраны гадзiннiк.

- Я гатоў!

Артамон павярнуў убок нос i прыўзняў верхнюю губу над белымi зубамi.

- Паклiч каго-небудзь, Артамон! - сказала дзяўчынка. - Трэба зняць небараку Бурацiна, перанесцi ў дом i запрасiць доктара...

- Гатоў!

Артамон ад гатоўнасцi так закруцiўся, што сыры пясок паляцеў з-пад яго заднiх лап...

Ён кiнуўся да мурашнiка, брэхам пабудзiў усё насельнiцтва i паслаў чатырыста мурашак - перагрызцi вяроўку, на якой вiсеў Бурацiна.

Чатырыста сур'ёзных мурашак папаўзлi адна за адной па вузенькай сцяжынцы, залезлi на дуб i перагрызлi вяроўку.

Артамон падхапiў пярэднiмi лапамi Бурацiна i занёс яго ў дом... Паклаўшы Бурацiна на ложак, сабачым галопам памчаўся ў лясны зараснiк i адразу ж прывёў адтуль славутага доктара Саву, фельчарыцу Жабу i народнага лекара Багамола, падобнага на сухi сучок.



22 из 69