Сава прыклала вуха да грудзей Бурацiна.

- Пацыент хутчэй мёртвы, чым жывы, - прашаптала яна i адвярнула галаву назад на сто восемдзесят градусаў.

Жаба доўга цiскала вiльготнай лапай Бурацiна. У роздуме глядзела вытрашчанымi вачыма адразу ў розныя бакi.

Прачаўкала вялiкiм ротам:

- Пацыент хутчэй жывы, чым мёртвы...

Народны лекар Багамол сухiмi, як травiнкi, рукамi пачаў кратаць Бурацiна.

- Адно з двух, - прашапацеў ён, - або пацыент жывы, або ён памёр. Калi ён жывы - ён застанецца жывым або ён не застанецца жывым. Калi ён мёртвы - яго можна ажывiць або нельга ажывiць.

- Шшшарлатанства, - сказала Сава, узмахнула мяккiмi крыламi i паляцела на цёмныя вышкi.

У Жабы ад злосцi надзьмулiся ўсе бародаўкi.

- Якое брррыдкае невуцтва! - квакнула яна i, шлёпаючы жыватом, паскакала ў сыры склеп.

Лекар Багамол на ўсякi выпадак прыкiнуўся высахлым сучком i вывалiўся за акенца.

Дзяўчынка пляснула прыгожанькiмi рукамi:

- Ну як жа мне яго лячыць, грамадзяне?

- Рыцынай, - квакнула Жаба з-пад падлогi.

- Рыцынай! - пагардлiва зарагатала Сава на вышках.

- Або рыцынай, або не рыцынай, - праскрыгатаў за акном Багамол.

Тады падрапаны, у сiняках, няшчасны Бурацiна прастагнаў:

- Не трэба рыцыны, я вельмi добра сябе адчуваю.

Дзяўчынка з блакiтнымi валасамi клапатлiва нахiлiлася над iм.

- Бурацiна, прашу цябе - зажмурся, заткнi нос i выпi.

- Не хачу, не хачу, не хачу!..

- Я табе дам драбок цукру!..

У той жа момант па коўдры на ложак узлезла белая мыш, яна трымала драбок цукру.

- Ты яго атрымаеш, калi будзеш мяне слухацца, - сказала дзяўчынка.

- Адзiн цууууукар дайце...

- Ды зразумей жа, - калi не вып'еш лекаў, ты можаш памерцi...

- Лепш памру, чым пiць рыцыну...

Тады дзяўчынка сказала строга, дарослым голасам:



23 из 69