
- Заткнi нос i глядзi ў столь... Раз, два, тры.
Яна ўлiла рыцыну ў рот Бурацiна, адразу ж сунула яму драбок цукру i пацалавала.
- Вось i ўсё...
Высакародны Артамон, якi любiў усё, што добра канчалася, схапiў зубамi свой хвост, круцiўся пад акном, як вiхор з тысячы лап, тысячы вушэй, тысячы блiскучых вачэй.
Дзяўчынка з блакiтнымi валасамi хоча выхоўваць Бурацiна
Назаўтра ранiцай Бурацiна прачнуўся вясёлы i здаровы, нiбы нiчога не здарылася.
Дзяўчынка з блакiтнымi валасамi чакала яго ў садзе, седзячы за маленькiм сталом, застаўленым лялечнай пасудай.
Яе твар быў свежа вымыты, на кiрпатым носiку i шчоках - кветкавы пылок.
Чакаючы Бурацiна, яна з прыкрасцю адмахвалася ад надакучлiвых матылькоў:
- Ды ну вас, сапраўды...
Акiнула вачыма драўлянага хлапчука з галавы да ног, зморшчылася. Загадала яму сесцi за стол i налiла ў маленькi кубачак какавы.
Бурацiна сеў за стол, заклаў пад сябе нагу. Мiндальныя пiрожныя ён запiхваў у рот цалкам i глытаў не жуючы.
У вазу з варэннем залез проста пальцамi i з асалодай iх аблiзваў.
Калi дзяўчынка адвярнулася, каб кiнуць некалькi крошак пажылому жужалю, ён схапiў кафейнiк i выпiў усю какаву праз носiк.
Папярхнуўся, разлiў какаву на абрус.
Тады дзяўчынка сказала яму строга:
- Выцягнiце з-пад сябе нагу i апусцiце яе пад стол. Не ежце рукамi, для гэтага ёсць лыжкi i вiдэльцы.
Ад абурэння яна мiргала вейкамi.
- Хто вас выхоўвае, скажыце, калi ласка?
- Калi тата Карла выхоўвае, а калi нiхто.
- Цяпер я займуся вашым выхаваннем, будзьце спакойны.
"Вось дык улiп!" - падумаў Бурацiна.
На траве вакол дома ганяўся пудзель Артамон за маленькiмi птушачкамi. Калi яны садзiлiся на дрэвы, ён задзiраў галаву, падскакваў i брахаў з падвываннем.
"Здорава птушак ганяе", - з зайздрасцю падумаў Бурацiна.
Ад прыстойнага сядзення за сталом у яго па ўсiм целе паўзлi мурашкi.
