Нарэшце пакутлiвае снеданне скончылася. Дзяўчынка загадала яму выцерцi з носа какаву. Паправiла складачкi i банцiкi на сукенцы, узяла Бурацiна за руку i павяла ў дом - займацца выхаваннем.

А вясёлы пудзель Артамон гойсаў па траве i брахаў, птушкi, нiколькi не баючыся яго, весела свiсталi, ветрык весела лятаў над дрэвамi.

- Здымiце вашы лахманы, вам дадуць прыстойную куртку i штонiкi, - сказала дзяўчынка.

Чацвёра краўцоў - майстар-адзiночка, пануры рак Шаптала, шэры Дзяцел з чубком, вялiкi жук Рагач i мыш Лiзета - шылi са старых дзявочых сукенак прыгожы хлапчукоўскi касцюм. Шаптала кроiў, Дзяцел дзюбай пратыкаў дзiркi i шыў, Рагач заднiмi нагамi сукаў нiткi, Лiзета iх перагрызала.

Бурацiна было сорамна надзяваць дзявочыя абноскi, але прыйшлося ўсё-такi пераадзецца. Сапучы носам, ён схаваў у кiшэню новай курткi чатыры залатыя манеты.

- Цяпер сядзьце, пакладзiце рукi перад сабой. Не горбiцеся, - сказала дзяўчынка i ўзяла кавалачак крэйды. - Мы зоймемся арыфметыкай... У вас у кiшэнi два яблыкi...

Бурацiна хiтра падмiргнуў.

- Хлусiце, нiводнага...

- Я кажу, - цярплiва паўтарыла дзяўчынка, - дапусцiм, што ў вас у кiшэнi два яблыкi. Нехта ўзяў у вас адзiн яблык. Колькi ў вас засталося яблыкаў?

- Два.

- Падумайце як след.

Бурацiна зморшчыўся, - гэтак здорава падумаў.

- Два...

- Чаму?

- Я ж не аддам Нехту яблык, хоць ён нават бiцца будзе!

- У вас няма нiякiх здольнасцей да матэматыкi, - з засмучэннем сказала дзяўчынка. - Зоймемся дыктантам.

Яна ўзняла да столi прыгожанькiя вочы.

- Пiшыце: "А ружа упала на лапу Ажура". Напiсалi? Цяпер прачытайце гэтую чараўнiчую фразу наадварот.

Нам ужо вядома, што Бурацiна нiколi нават не бачыў пяра i чарнiлiцы.

Дзяўчынка сказала: "Пiшыце", - i ён адразу ж сунуў у чарнiлiцу свой нос i страшэнна напалохаўся, калi з носа на паперу ўпала чарнiльная клякса.



25 из 69