
Дзяўчынка пляснула рукамi, у яе нават пырснулi слёзы.
- Вы брыдкi свавольнiк, вы павiнны быць пакараны!
Яна высунулася ў акенца.
- Артамон, завядзi Бурацiна ў цёмную каморку.
Высакародны Артамон з'явiўся ў дзвярах, паказваючы белыя зубы. Схапiў Бурацiна за куртачку i, адступаючы задам, пацягнуў у каморку, дзе па кутках у павуцiннi вiселi вялiкiя павукi. Замкнуў яго там, пагыркаў, каб як след напалохаць, i зноў памчаўся за птушкамi.
Дзяўчынка кiнулася на лялечны карункавы ложак i заплакала ад таго, што ёй давялося абысцiся так жорстка з драўляным хлопчыкам. Але калi ўжо ўзялася за выхаванне, справу трэба давесцi да канца.
Бурацiна бурчаў у цёмнай каморцы:
- Вось дурная дзяўчынка... Знайшлася выхавальнiца, падумаеш... У самой фарфоравая галава, тулава, ватай напханае...
У каморцы пачуўся тоненькi скрып, нiбы хтосьцi скрыгатаў дробнымi зубамi:
- Слухай, слухай...
Бурацiна падняў запэцканы ў чарнiла нос i ў цемры распазнаў кажана, якi вiсеў пад столлю ўнiз галавой.
- Табе чаго?
- Дачакайся ночы, Бурацiна.
- Цiшэй, цiшэй, - шамацелi павукi па кутках, - не гайдайце нашых сетак, не адпужвайце нашых мушак...
Бурацiна сеў на пабiты гаршчок, падпёр шчаку. Ён трапляў у перапалкi i горшыя за гэтую, але абурала несправядлiвасць:
- Хiба так выхоўваюць дзяцей?.. Гэта пакута, а не выхаванне... Гэтак не сядзi ды гэтак не еш... Дзiця, можа, яшчэ буквара не засвоiла, - яна адразу за чарнiлiцу хапаецца... А сабака нябось ганяецца за птушкамi, - яму нiчога...
Кажан зноў запiшчаў:
- Дачакайся ночы, Бурацiна, я цябе павяду ў Краiну Дурняў, там чакаюць цябе сябры - кот i лiсiца, шчасце i весялосць. Чакай ночы.
Бурацiна трапляе ў Краiну Дурняў
Дзяўчынка з блакiтнымi валасамi падышла да дзвярэй каморкi.
- Бурацiна, дружа мой, вы каецеся нарэшце?
Ён быў вельмi сярдзiты, да таго ж у яго зусiм iншае было ў галаве.
