- Вельмi трэба мне каяцца! Не дачакаецеся...

- Тады вам давядзецца праседзець у каморцы да ранiцы...

Дзяўчынка горка ўздыхнула i пайшла.

Настала ноч. Сава зарагатала на вышках. Жаба выпаўзла з-пад падлогi, каб шлёпаць жыватом па адбiтках месяца ў лужынах.

Дзяўчынка легла спаць у карункавы ложачак i доўга з жалем усхлiпвала, засынаючы.

Артамон, уткнуўшы нос пад хвост, спаў каля дзвярэй яе спальнi.

У домiку гадзiннiк з маятнiкам прабiў поўнач.

Кажан сарваўся са столi.

- Пара, Бурацiна, уцякай! - пiскнуў яму над вухам. - У кутку каморкi ёсць пацучыны ход пад падлогу... Чакаю цябе на палянцы...

Кажан вылецеў праз дахавае акно. Бурацiна кiнуўся ў куток каморкi, блытаючыся ў павуцiннi. Услед яму злосна шыпелi павукi.

Ён папоўз пацучыным ходам пад падлогу. Ход быў усё вузейшы i вузейшы. Бурацiна цяпер ледзь пралазiў пад зямлёй... I раптам галавой унiз паляцеў пад падлогу.

Там ён ледзь не трапiў у пацучыную пастку, наступiў на хвост вужу, якi толькi што напiўся малака са збанка ў сталовай, i праз кашэчы лаз выскачыў на палянку.

Над блакiтнымi кветкамi бясшумна лятаў кажан.

- За мной, Бурацiна, у Краiну Дурняў!

У кажаноў няма хваста, таму кажан лятае не проста, як птушка, а ўверх i ўнiз - на перапончатых крылах, уверх i ўнiз, падобны на чорцiка; рот у яго заўсёды адкрыты, каб, не трацячы часу, па дарозе лавiць, кусаць, глытаць жыўцом камароў i начных матылькоў.

Бурацiна бег за iм па шыю ў траве, мокрая дзяцелiна хвастала яго па шчоках.

Раптам кажан высока рвануўся да круглага месяца i адтуль крыкнуў камусьцi:

- Прывёў!

Бурацiна адразу ж кулём паляцеў унiз з крутога абрыву. Кацiўся, кацiўся i шлёпнуўся ў лопух.

Падрапаны, поўны рот пяску, з вылупленымi вачыма, сеў.

- Ух, ты!..

Перад iм стаялi кот Базiлiо i лiсiца Алiса.

- Смеленькi, адважненькi Бурацiна, мабыць, звалiўся з месяца, - сказала лiсiца.



27 из 69