- Дзiўна, як ён жывы застаўся, - панура сказаў кот.

Бурацiна ўзрадаваўся старым знаёмым, хоць яму здалося падазроным, што ў ката перавязана анучай правая лапа, а ў лiсiцы ўвесь хвост запэцканы балотнай тванню.

- Не было шчасця, дык няшчасце памагло, - сказала лiсiца, - затое ты трапiў у Краiну Дурняў...

I яна лапай паказала на паламаны мост цераз высахлы ручай. На тым баку ручая сярод кучаў смецця вiдаць былi старэнькiя домiкi, чэзлыя дрэвы з абламаным галлём i званiцы, пахiленыя ў розныя бакi...

- У гэтым горадзе прадаюцца славутыя курткi на заечым футры для таты Карла, - аблiзваючыся, спявала лiсiца, - азбукi з каляровымi малюнкамi... Ах, якiя прадаюцца салодкiя пiражкi i ледзянцовыя пеўнiкi на палачках! Ты ж не згубiў яшчэ сваiх грошай, цудоўненькi Бурацiна?

Лiсiца Алiса памагла яму ўстаць на ногi, наслiнiўшы лапу, пачысцiла яму куртачку i павяла цераз паламаны мост.

Кот Базiлiо панура клыпаў ззаду.

Была ўжо сярэдзiна ночы, але ў Горадзе Дурняў нiхто не спаў.

Па крывой гразкай вулiцы бадзялiся худыя сабакi ў калючках, пазяхалi ад голаду:

- Э-хе-хе...

Козы з абшарпанай шэрсцю на баках скублi запыленую траву каля тратуара, трэслi агрызкамi хвастоў.

- Б-э-э-э-э-так...

Апусцiўшы галаву, стаяла карова; у яе косцi тырчалi скрозь скуру.

- Мууучэнне... - паўтарала яна задуменна.

На камяках гразi сядзелi аскубеныя вераб'i, - яны не ўзляталi - хоць тапчы iх нагамi...

Хiсталiся ад знямогi куры з выдранымi хвастамi...

Затое на скрыжаваннях стаялi навыцяжку лютыя бульдогi-палiцэйскiя ў трыкутных капелюшах i ў калючых нашыйнiках.

Яны крычалi на галодных i шалудзiвых жыхароў:

- Пррраходзь! Тррымай прррава! Не затрррымлiвайся!..

Лiсiца цягнула Бурацiна далей па вулiцы. Яны ўбачылi сытых катоў у залатых акулярах, якiя гулялi пры святле месяца па тратуары, пад ручку з кошкамi ў каптурыках.



28 из 69