Гуляў тоўсты Лiс - губернатар гэтага горада, важна задраўшы нос, i з iм фанабэрыстая лiсiца, якая трымала ў лапе кветку начной фiялкi.

Лiсiца Алiса шапнула:

- Гэта гуляюць тыя, хто пасеяў грошы на Полi Цудаў... Сёння апошняя ноч, калi можна сеяць. К ранiцы збярэш кучу грошай i накупляеш усялякай усялячыны... Хадзем хутчэй...

Лiсiца i кот прывялi Бурацiна на пустку, дзе валялiся пабiтыя гаршкi, падраныя чаравiкi, дзiравыя галёшы i анучы... Перабiваючы адзiн аднаго, залапаталi:

- Капай ямку.

- Кладзi залатыя.

- Пасып соллю.

- Зачарпнi з лужыны, палi як след.

- Ды не забудзься сказаць "крэкс, фэкс, пэкс".

Бурацiна пачухаў нос, запэцканы ў чарнiла.

- А вы адыдзiце ўсё-такi далей...

- Божа мой, ды мы i глядзець не хочам, дзе ты закапаеш грошы, - сказала лiсiца.

- Божа збаў, - сказаў кот.

Яны адышлiся трошкi i схавалiся за кучай смецця.

Бурацiна выкапаў ямку. Сказаў тры разы шэптам: "Крэкс, фэкс, пэкс", паклаў у ямку чатыры залатыя манеты, засыпаў, з кiшэнi дастаў жменьку солi, пасыпаў зверху. Набраў з лужыны прыгаршчы вады, палiў.

I сеў чакаць, калi вырасце дрэва...

Палiцэйскiя хапаюць Бурацiна i не даюць яму сказаць нiводнага слова ў сваё апраўданне

Лiсiца Алiса думала, што Бурацiна пойдзе спаць, а ён усё сядзеў на кучы смецця, цярплiва выцягнуўшы нос.

Тады Алiса загадала кату застацца вартаваць, а сама пабегла ў блiжэйшае палiцэйскае аддзяленне.

Там, у накураным пакоi, за сталом, закапаным чарнiлам, густа хроп дзяжурны бульдог.

Лiсiца галасочкам, поўным самага добрага намеру, сказала яму:

- Пане мужны дзяжурны, цi нельга затрымаць аднаго беспрытульнага зладзюжку? Страшэнная небяспека пагражае ўсiм багаценькiм i паважаненькiм грамадзянам гэтага горада.

Спрасонку дзяжурны бульдог так гыркнуў, што пад лiсiцай ад страху расплылася лужынка.



29 из 69