- Крррасцi! Гам!

Лiсiца растлумачыла, што небяспечны зладзюжка - Бурацiна - заўважаны на пустцы.

Дзяжурны, усё яшчэ гыркаючы, пазванiў. Уварвалiся два доберманы-пiнчэры, сышчыкi, якiя нiколi не спалi, нiкому не верылi i нават самiх сябе падазравалi ў злачынных намерах.

Дзяжурны загадаў iм даставiць небяспечнага злачынцу жывым або мёртвым у аддзяленне.

Сышчыкi адказалi коратка:

- Цяў!

I памчалiся на пустку асаблiвым хiтрым галопам, заносячы заднiя ногi ўбок.

Апошнiя сто крокаў яны паўзлi на жыватах i адразу кiнулiся на Бурацiна, схапiлi яго пад пахi i пацягнулi ў аддзяленне.

Бурацiна дрыгаў нагамi, упрошваў сказаць - за што? за што? Сышчыкi адказвалi:

- Там разбяруцца...

Лiсiца i кот, не трацячы часу, выкапалi чатыры залатыя манеты. Лiсiца так спрытна пачала дзялiць грошы, што ў ката апынулася адна манета, а ў яе - тры.

Кот моўчкi ўчапiўся кiпцюрамi ёй у морду.

Лiсiца моцна абхапiла яго лапамi. I яны абое некаторы час качалiся клубком па пустцы. Кацiная i лiсiная поўсць ляцела клоччам пры святле месяца.

Абадраўшы адзiн аднаму бакi, яны падзялiлi манеты папалам i ў тую ж ноч знiклi з горада.

Тым часам сышчыкi прывялi Бурацiна ў аддзяленне. Дзяжурны бульдог вылез з-за стала i сам абшукаў яго кiшэнi.

Не знайшоўшы нiчога, апрача кавалачка цукру i крошак мiндальнага пiрожнага, дзяжурны люта засоп на Бурацiна:

- Ты зрабiў тры злачынствы, нягоднiк: ты - беспрытульны, бяспашпартны i беспрацоўны. Завесцi яго за горад i ўтапiць у сажалцы.

Сышчыкi адказалi:

- Цяў!

Бурацiна спрабаваў расказаць пра тату Карла, пра свае прыгоды. Усё дарэмна! Сышчыкi падхапiлi яго, галопам зацягнулi за горад i з моста кiнулi ў глыбокую брудную сажалку, поўную жаб, п'явак i лiчынак вадзянога жука.

Бурацiна плюхнуўся ў ваду, i зялёная раска сышлася над iм.

Бурацiна знаёмiцца з жыхарамi сажалкi, даведваецца аб прапажы чатырох залатых манет i атрымлiвае ад чарапахi Тарцiлы залаты ключык

Не трэба забывацца, што Бурацiна быў драўляны i таму не мог утапiцца.



30 из 69