Усё ж ён да таго напалохаўся, што доўга ляжаў на вадзе, увесь аблеплены зялёнай раскай.

Вакол яго сабралiся жыхары сажалкi: усiм вядомыя сваёй дурнотай чорныя пузатыя апалонiкi, вадзяныя жукi з заднiмi лапамi, падобнымi на вёслы, п'яўкi, лiчынкi, якiя елi ўсё, што траплялася, нават самiх сябе, i, нарэшце, розныя дробныя iнфузорыi.

Апалонiкi казыталi яго цвёрдымi губамi i з асалодай жавалi кутасiк на каўпачку. П'яўкi запаўзлi ў кiшэню куртачкi. Адзiн вадзяны жук некалькi разоў узлазiў на яго нос, якi высока тырчаў з вады, i адтуль кiдаўся ў ваду ластаўкай.

Дробныя iнфузорыi, звiваючыся i таропка дрыжучы валаскамi, якiя замянялi iм рукi i ногi, спрабавалi падхапiць якую-небудзь спажыву, але самi траплялi ў рот лiчынкам вадзянога жука.

Бурацiна гэта, нарэшце, надакучыла, ён заплюхаў пяткамi па вадзе:

- Пайшлi прэч! Я вам не здохлая кошка.

Жыхары сажалкi шмыгнулi хто куды. Ён перавярнуўся на жывот i паплыў.

На круглых лiстах гарлачыкаў пры святле месяца сядзелi жабы з вялiкiмi ратамi, вылупленымi вачыма пазiралi на Бурацiна.

- Нейкая каракацiца плыве, - квакнула адна.

- Нос, як у бусла, - квакнула другая.

- Гэта марская жаба, - квакнула трэцяя.

Бурацiна, каб перадыхнуць, вылез на вялiкi лiст гарлачыка. Сеў на iм, шчыльна абхапiў каленi i сказаў, ляскаючы зубамi:

- Усе хлопчыкi i дзяўчынкi напiлiся малака, спяць у цёплых ложках, адзiн я сяджу на мокрым лiсце... Дайце паесцi чаго-небудзь, жабы.

Жабы, як вядома, вельмi халаднакроўныя. Але не варта думаць, што ў iх няма сэрца. Калi Бурацiна, дробна ляскаючы зубамi, пачаў расказваць пра свае няшчасныя прыгоды, жабы адна за адной падскочылi, мiльганулi заднiмi нагамi i нырнулi на дно сажалкi.

Яны прынеслi адтуль здохлага жука, страказiнае крыльца, кавалачак тванi, зернетка ракавай iкры i некалькi гнiлых карэньчыкаў.



31 из 69