
Паклаўшы ўсе гэтыя прыдатныя для яды рэчы перад Бурацiна, жабы зноў ускочылi на лiсты гарлачыкаў i сядзелi, як каменныя, узняўшы галовы з вялiкiмi ратамi i вылупленымi вачыма.
Бурацiна панюхаў, пакаштаваў жабiны пачастункi.
- Мяне знудзiла, - сказаў ён, - якая брыда!..
Тады жабы зноў - усе адразу - боўтнулi ў ваду...
Зялёная раска на паверхнi сажалкi загайдалася, i з'явiлася вялiкая, страшная змяiная галава. Яна паплыла да лiста, дзе сядзеў Бурацiна.
У яго ўстаў дыбам кутасiк на каўпачку. Ён ледзь не звалiўся ў ваду ад страху.
Але гэта была не змяя. Гэта была нiкому не страшная, пажылая чарапаха Тарцiла, з падслепаватымi вачыма.
- Ах ты, бязмозглы, даверлiвы хлапчук з кароценькiмi думкамi! - сказала Тарцiла. - Сядзеў бы ты дома ды старанна вучыўся! Занесла цябе ў Краiну Дурняў.
- Дык я ж хацеў здабыць чым болей залатых манет для таты Карла... Я надзвычччай добры i разважлiвы хлопчык...
- Грошы твае ўкралi кот i лiсiца, - сказала чарапаха. - Яны прабягалi каля сажалкi, спынiлiся напiцца, i я чула, як яны хвалiлiся, што выкапалi твае грошы, i як пабiлiся за iх... Ах ты, бязмозглы, даверлiвы хлапчук з кароценькiмi думкамi!..
- Не лаяцца трэба, - прабурчаў Бурацiна, - тут памагчы трэба чалавеку... Што я цяпер буду рабiць? Ой-ой-ой!.. Як я вярнуся да таты Карла? Ай-ай-ай!..
Ён цёр кулакамi вочы i хныкаў так жаласна, што жабы раптам усе адразу ўздыхнулi:
- Ух-ух... Тарцiла, памажы чалавеку.
Чарапаха доўга пазiрала на месяц, штосьцi ўспамiнала...
- Аднойчы я вось гэтак жа памагала аднаму чалавеку, а ён потым з маёй бабулi i майго дзядулi нарабiў чарапахавых грабянцоў, - сказала яна. I зноў доўга пазiрала на месяц. - Што ж, пасядзi тут, чалавечак, а я папоўзаю па дне, - можа, знайду адну карысную рэч.
Яна ўцягнула змяiную галаву i паволi апусцiлася пад ваду.
