Жабы прашапталi:

- Чарапаха Тарцiла ведае вялiкую таямнiцу.

Мiнула шмат-шмат часу. Месяц ужо хаваўся за ўзгоркi...

Зноў загайдалася зялёная раска, з'явiлася чарапаха, трымаючы ў роце маленькi залаты ключык.

Яна паклала яго на лiст ля ног Бурацiна.

- Бязмозглы, даверлiвы хлапчук з кароценькiмi думкамi, - сказала Тарцiла, - не бядуй, што лiсiца i кот укралi ў цябе залатыя манеты. Я даю табе гэты ключык. Яго ўпусцiў на дно сажалкi чалавек з барадой такой даўжынi, што ён яе запiхваў у кiшэню, каб яна не замiнала яму хадзiць. Ах, як ён прасiў, каб я адшукала на дне гэты ключык!..

Тарцiла ўздыхнула, памаўчала i зноў уздыхнула так, што з вады пайшлi бурбалкi.

- Але я не памагла яму, я тады была вельмi злосная на людзей за маю бабулю i майго дзядулю, з якiх нарабiлi чарапахавых грабянцоў. Барадаты чалавек шмат расказваў пра гэты ключык, але я ўсё забылася. Памятаю толькi, што трэба адамкнуць iм нейкiя дзверы, i гэта прынясе шчасце...

У Бурацiна закалацiлася сэрца, загарэлiся вочы. Ён адразу забыўся на ўсе свае няшчасцi. Выцягнуў з кiшэнi куртачкi п'явак, паклаў туды ключык, ветлiва падзякаваў чарапасе Тарцiле i жабам, кiнуўся ў ваду i паплыў да берага. Калi ён чорненькiм ценем паказаўся на краi берага, жабы вухнулi яму ўслед:

- Бурацiна, не згубi ключык!

Бурацiна ўцякае з Краiны Дурняў i сустракае таварыша па няшчасцю

Чарапаха Тарцiла не паказала дарогi з Краiны Дурняў.

Бурацiна бег куды вочы глядзяць. За чорнымi дрэвамi блiшчалi зоркi. Над дарогай звiсалi скалы. У цяснiне ляжала воблака туману.

Раптам наперадзе Бурацiна заскакаў шэры камячок. Тут жа пачуўся сабачы брэх.

Бурацiна прыцiснуўся да скалы. Мiма яго, сярдзiта сапучы насамi, прамчалiся два палiцэйскiя бульдогi з Горада Дурняў.

Шэры камячок кiнуўся з дарогi ўбок - на адхон. Бульдогi - за iм.

Калi тупат i брэх аддалiлiся, Бурацiна кiнуўся бегчы так шпарка, што зоркi хутка-хутка паплылi за чорнымi галiнамi.



33 из 69