Ён з крэсла пераскочыў на падаконнiк. Пацук - за iм. З падаконнiка ён цераз усю каморку пераляцеў на стол. Пацук - за iм... I тут на стале ён схапiў Бурацiна за горла, павалiў, трымаючы яго ў зубах, саскочыў на падлогу i павалок за лесвiцу, пад падлогу.

- Тата Карла! - паспеў толькi пiскнуць Бурацiна.

- Я тут! - адказаў гучны голас.

Дзверы расчынiлiся, увайшоў тата Карла. Сцягнуў з нагi драўляны чаравiк i шпурнуў iм у пацука.

Шушар, выпусцiўшы драўлянага хлапчука, скрыгатнуў зубамi i знiк.

- Вось да чаго даводзiць свавольства! - прабурчаў тата Карла, падымаючы з падлогi Бурацiна. Паглядзеў, цi ўсё ў яго цэлае. Пасадзiў яго на калена, выняў з кiшэнi цыбулiнку, ачысцiў.

- На, еш!..

Бурацiна запусцiў галодныя зубы ў цыбулiну i з'еў яе, хрумстаючы i прыцмокваючы. Пасля гэтага пачаў церцiся галавой аб шчацiнiстую шчаку таты Карла.

- Я буду разумненькi-разумненькi, тата Карла... Цвыркун, якi ўмее гаварыць, сказаў мне хадзiць у школу.

- Слаўна прыдумана, малеча...

- Тата Карла, але ж я - голенькi, драўляненькi, - хлапчукi ў школе мяне засмяюць.

- Эге, - сказаў Карла i пачухаў шчацiнiсты падбародак. - Праўду кажаш, малеча!

Ён запалiў лямпу, узяў нажнiцы, клей i абрыўкi каляровай паперы. Выразаў i склеiў куртачку з карычневай паперы i ярка-зялёныя штонiкi. Змайстраваў туфлi са старой халявы i шапачку - каўпачком з кутасiкам - са старой шкарпэткi.

Усё гэта надзеў на Бурацiна:

- Насi на здароўе!

- Тата Карла, - сказаў Бурацiна, - а як жа я пайду ў школу без азбукi?

- Эге, праўду кажаш, малеча...

Тата Карла пачухаў патылiцу. Накiнуў на плечы сваю адзiную старую куртку i пайшоў на вулiцу.

Ён хутка вярнуўся, але без курткi. У руцэ ён трымаў кнiжку з вялiкiмi лiтарамi i цiкавымi малюнкамi.

- Вось табе азбука. Вучыся на здароўе.

- Тата Карла, а дзе твая куртка?



8 из 69