- Куртку я прадаў... Нiчога, абыдуся i так... Толькi ты жывi на здароўе.

Бурацiна ўткнуўся носам у добрыя рукi таты Карла.

- Вывучуся, вырасту, куплю табе тысячу новых куртак...

Бурацiна з усяе сiлы хацеў у гэты першы ў яго жыццi вечар жыць без свавольства, як навучыў яго цвыркун, якi ўмее гаварыць.

Бурацiна прадае азбуку i купляе бiлет у тэатр лялек

Назаўтра ранiцай Бурацiна паклаў азбуку ў торбачку i, падскакваючы, пабег у школу.

Па дарозе ён нават не глядзеў на ласункi, выстаўленыя ў крамах, - макавыя на мёдзе трыкутнiчкi, салодкiя пiражкi i ледзянцы ў выглядзе пеўнiкаў, насаджаных на палачку.

Ён не хацеў глядзець на хлапчукоў, якiя пускалi папяровага змея...

Вулiцу пераходзiў паласаты кот Базiлiо, якога можна было схапiць за хвост. Але Бурацiна ўтрымаўся i ад гэтага.

Чым блiжэй ён падыходзiў да школы, тым мацней непадалёку, на беразе Мiжземнага мора, iграла вясёлая музыка.

- Пi-пi-пi, - пiшчала флейта.

- Ла-ла-ла-ла, - спявала скрыпка.

- Дзiнь-дзiнь, - бразгалi медныя талеркi.

- Бум! - бiў барабан.

У школу трэба было паварочваць направа, музыка чулася злева. Бурацiна пачаў спатыкацца. Самi ногi паварочвалi да мора, дзе:

- Пi-пi, пiiiii...

- Дзiн-лала, дзiн-ла-ла...

- Бум!

- Школа ж нiкуды ж не падзенецца ж, - сам сабе гучна пачаў гаварыць Бурацiна, - я толькi гляну, паслухаю i бягом - у школу.

З усёй моцы ён кiнуўся бегчы да мора. Ён убачыў палатняны балаган, упрыгожаны рознакаляровымi сцягамi, якiя трапяталi ад марскога ветру.

Наверсе балагана, прытанцоўваючы, iгралi чатыры музыкi. Унiзе тоўстая цётка ўсмiхаючыся прадавала бiлеты. Каля ўвахода стаяў вялiкi натоўп хлопчыкi i дзяўчынкi, салдаты, прадаўцы лiманаду, мамкi з груднымi дзецьмi, пажарнiкi, паштальёны, - усе, усе чыталi вялiкую афiшу:

"Тэатр лялек.

Толькi адзiн спектакль.



9 из 69