
"Будуецца чалавек раз у жыццi, - казаў ён жонцы, - дык трэба, каб будоўля была моцная, выгодная i каб цешыла вока". У яго калацiлася сэрца, калi ён давёў сцены да вокан, а калi ўжо налажыў ашлапы над вокнамi - як бы i ўся будоўля была скончана. Блiзiўся канец цеснаму жыццю ў дзедаўскай трохаконнай хаце. Праўда, у ёй радзiўся i вырас чалавек, але ж гэта быў час такi, калi ўсе навокал даўно ўжо зыначылi сваё жытло: ужо i не хаты стаялi скрозь, а новыя дамы i дамкi, i старасвецкай трухлiны бадай што нiдзе ўжо i не ўбачыш. Антон Крамарэвiч пакiнуў жыць мараю, а жыў штодзённым клопатам. I, можна сказаць, толькi цяпер па-сапраўднаму ён ацанiў той куток на свеце, дзе ён радзiўся i асталёўваўся цяпер навек дзеля сябе i дзяцей сваiх. У той меры, у якой вырасталi сцены яго дома, ён спакайнеў душой: мара з'ядае чалавека, а яго мара цяпер перажыла сама сябе i пакiнула iснаваць. Ганка, Алеся i Толя былi ўжо такiя вялiкiя, што i самi ўвайшлi ў бацькаў будаўнiчы клопат. А яна! Жонка, мацi гэтых дзяцей! Твар яе ружовiўся. Яна быццам ажыла цi спачатку пачала жыць. Дзецi i iх мацi быццам бы знайшлi страчаную бацькам мару. Цяпер яны ўладалi мараю: жыць у новым доме, у выгодзе, у радасцi i шчасцi i на доўгi век. Гэта было жыццё без атрутнага смутку аб учарашнiм днi i без горкай трывогi аб днi заўтрашнiм. Можа быць, продкi нашы ад дзесятага пакалення думалi аб такiм жыццi сабе i сваiм дзецям. Антон Крамарэвiч так думаў аб далейшым i раiўся з жонкаю:
- Калi пяройдзем у новы дом, то старую хату тады я скiну з месца. Трухлiна пойдзе на апал, а здаровае згодзiцца ў гаспадарцы.
Ужо нават i тое, што ён калi-небудзь будзе пiлаваць на дровы трухлiну са старой хаты, радавала яго. За тыя гады i ўвесь той пасёлачак выбудаваўся i перабудаваўся. Хто жыў у старой хаце, той i новую пакрысе складаў, бервяно да бервяна, дзе-небудзь у iншым месцы, дзе з задаваленнем спынiлася яго вока. А хто жыў ужо ў новай хаце, той старую не пiльнаваў, а скiдаў яе.