
Кроў закарэла i пакiнула iсцi. Уночы свяцiў месяц. Крамарэвiч хацеў стаць на ногi i ўпаў у непрытомнасць. Вельмi можа быць, што жудасны холад, якi можа быў i ад хворасцi, вярнуў яго да памяцi. Ён калацiўся з холаду i не ведаў, колькi часу ён так праляжаў. Заходзiла сонца, i зямля была мокрая, мусiць, нядаўна прайшоў дождж. З нечалавечай натугай Крамарэвiч усё ж такi падняўся на ногi i паспрабаваў паволi iсцi. Яго вадзiла ўбакi, i ў вачах стаялi чорныя кругi. Сам не ведаючы куды, ён усё iшоў, растапырыўшы рукi, быццам мацаючы паветра i трымаючыся за яго. Разышоўшыся, ён аднак жа пайшоў лягчэй. Ён садзiўся i лажыўся на зямлю i зноў iшоў. У адным месцы, дзе чарнелiся кусты i дрэвы, ён чуў зусiм блiзка ад сябе нямецкую гаворку i ледзьве мог схапiць грудзьмi паветра. На рассвiтаннi ён бачыў, як прайшло палявой дарогай многа нямецкiх танкаў. Ён лёг пад куст палявога быльнягу i не варушыўся. I нiколi так моцна, як у гэтыя моманты, не ныла яго душа па Алесi, Ганцы, Толю i ёй, добрай яго жонцы, такой блiзкай i роднай жанчыне. I па тым кутку пры лесе, дзе сэрца многа знаходзiла цiхай радасцi i дзе ўцеха з малога была лепш за радасць з вялiкага. Пераляжаўшы так многа гадзiн, ён зноў пайшоў. Ужо ён быў слабы i ад раны, i ад голаду. Многа сiлы адабрала i ўся гэтая валтузня. Ён ведаў адно. Па ўсёй мясцовасцi панавалi ўжо немцы, а мясцовасць была незнаёмая. Яшчэ праз паўсутак ён дацягнуўся да нейкай дробнай вёсачкi, дапаў да скошанай i прывялай травы каля частакола з рассунутымi прутамi. Бязвусы, босы i ў чорнай рубашцы без падпяразкi чалавек угледзеў яго i разгаварыўся з iм. Ён паспагадаў яму ў няшчасцi i паклаў на леташнюю салому ў сваёй пунi. Кожны дзень ён прыносiў яму два разы хлеб i малако, i так пайшоў тыдзень за тыднем. Адно што душа была не на месцы, а так усё iшло добра. Хоць паволi, марудна, як свiтанне ўвосень, але варочалася здароўе, а значыцца, у чалавека i надзеi ажывалi. Антон Крамарэвiч, ужо ўвосень, упершыню выйшаў з пунi, ахоплены одумам, што яму цяпер рабiць.