Гаспадар яго быў чалавек цiхi i баяўся немцаў. Ён распытваў па людзях, што дзе чуваць, а пасля падоўгу сядзеў з Крамарэвiчам, i яны раiлiся i думалi, як далей трымацца i цi трэба Крамарэвiчу падавацца цяпер у свой раён, дзе аставалiся жонка i дзецi. Хадзiлi аднак жа чуткi, што ў тым раёне, далёкiм адгэтуль, многа нямецкага войска, i там людзi забiлi трох гiтлераўскiх афiцэраў, i карны атрад там даўно ўжо, i няма як туды паткнуцца. Вельмi можа быць, што Крамарэвiч занадта рана падняўся з саломы i не вылежаў хваробы да канца. Бо праз невялiкi час рана адкрылася i хвароба адкiнулася. Ён зноў ляжаў на саломе ў пунi, пад кажухом i ў ботах, бо восень была позняя i пачыналiся замаразкi: снег пайшоў, i маразы пачалiся. Стала зiма. А ён усё ляжаў. Добры лёс паслаў яму чалавека з душой i розумам. Ён прыводзiў да Крамарэвiча доктара, i той сказаў берагчыся i раней часу не ўставаць. Так i зiма прайшла, i вясна настала. I толькi як высахла зямля, Антон Крамарэвiч па-сапраўднаму ўбачыў, што ён як мае быць робiцца здаровы. На пераломе вясны на лета ён цвёрда надумаўся брацца ў свой бок. А там будзе вiдно, што i як далей. Скрываючыся i трымаючыся глухiх закуткаў, ён больш як тры тыднi iшоў у свой бок. Да знаёмай стараны ён дайшоў якраз тады, калi яна апустошылася. Многа людзей забраў з сабою карны атрад. Казалi, што многiя апынулiся ў канцэнтрацыйным лагеры, а многiх пагналi ў Германiю. Дзе-нiдзе Антон Крамарэвiч натыкаўся на чутку, што далёка адсюль, па дарозе ў лагер, многа людзей уцякло з-пад варты. Iм памаглi партызаны, напаўшы на канвой i перабiўшы яго. Самымi гарачымi днямi Крамарэвiч прыйшоў у свой пасёлак. новую сваю хату ён знайшоў з забiтымi дзвярыма i вокнамi, так, як i пiсала яму калiсьцi жонка. Што ж да старой хаты, то яна была як пустка якая: усё паадчыняна, паразварочвана, кiнута абы-як, i нi душы нiдзе. Крамарэвiч кiнуўся па суседзях. Але толькi ў двух хатах знайшлiся людзi. Астатнiя хаты пуставалi. Суседзi казалi ў адзiн голас, што трое Крамарэвiчавых дзяцей i жонка знiклi немаведама дзе.


18 из 55