
Разам з тысячным цi большым натоўпам людзей i iх гналi некуды. А цi ўцяклi яны, цi не - невядома. I што з iмi, i дзе яны - нiхто не ведае. Антон Крамарэвiч абышоў увесь раён, дападаў куды толькi мог i нiчога не дазнаўся. Вялiкае гора здушыла яго. Да самай глыбокай восенi ён стаў сумным вандроўнiкам. Дзе ён толькi нi быў! Абышоў круг на сотнi кiламетраў. Быў i ў тым баку, дзе з-пад варты ўцяклi людзi. Дзе што чуваць было яму спанаднае, ён кiраваўся туды. I на след не напаў. Нарэшце, ужо ўбачыўшы марнасць сваiх пошукаў, ён узгадаваў у сабе прагу знайсцi дзе сляды партызан i астацца з iмi. Але партызаны сваiх слядоў напаказ не выстаўлялi. Дзе грамаздзiлiся на дарозе куча лому з разбiтых машын i парваных гранатамi на кавалкi немцаў, там, здавалася, яшчэ цiшэй было, як дзе. На дрэвах спявалi сабе птушкi, i спакойна шастала трава пад ветрам. Здавалася, што тут няма i не было нiкога нiдзе жывога. Адзiнокi, як саломiна на дарозе, Антон Крамарэвiч зноў рушыў у свой бок. Ужо нiякiх цвёрдых намераў ён не меў. Дзесьцi ў глыбiнi душы была толькi, як яснасць сонца па той бок хмар увосень, надзея, што пакрысе, як павелiчэнне дня к вясне, выкiруецца ўсё на дабрыню i шчасце. На гэта патрэбен час, i ён радаваўся кожны вечар, што яшчэ адзiн дзень мiнуўся. Так, у маруднай хадзе, ён прычакаў позняй восенi. Ужо быў кастрычнiк, i дзiўна, як гэта так доўга стаяць цёплыя днi. Хоць поле было i пустое, хоць трава была злеглая i збляклая, але часам, з вялiкай задумы, здавалася, што зараз над прыгрэтай сонцам травiнай загудзе пчала. А ў лесе зусiм было цёпла. Часамi яшчэ чуўся пiск камара. Антон Крамарэвiч дайшоў да роднага кутка ў канцы ночы. Было холадна i мокра. Мiнулым днём доўга лiў дождж. Крамарэвiч падыходзiў да лесу. Сцежка, калiсьцi знаёмая, губiлася ў змрочным падлеску. Ён доўга шукаў сцежкi i з прыкрасцю крывiўся, калi пад нагамi трашчала ламачча. Ён кружыўся на адным месцы, убiўся ў мурашпiк, пакаўзнуўся i выцяўся тварам аб зямлю, усхапiўся i, ужо не шукаючы больш сцежкi, рушыў проста ў прастор памiж дрэвамi.