Тут жа адразу пачалося поле, i як быццам сцежка чарнелася i вiлася ўгару на ўзвышша. Ён пайшоў сцежкаю i ўбачыў перад сабою дрэва з ададранай галiнай. "Гэта тая самая арабiна, каля якой я некалi араў i на нiзкi сучок торбу з хлебам вешаў". Ён прыгнуўся, абмацаў сук. Сэрца яго як бы ўздрыганулася. Ён пайшоў шпарчэй. Ужо добра свiтала. Дзень пачынаўся ясны. Ён падышоў да шасцi хат. Дзесьцi тут у хляве рыкала карова. Ён падышоў да новай сваёй хаты. Усё таксама яна стаяла з забiтымi вокнамi i дзвярыма. Але бярвенне ўжо яе пачарнела. Быццам стараючыся адкаснуцца ад страшных прывiдаў, ён паддаў ходу, проста да той старой хаты. Ён тады яе замкнуў, калi пакiдаў яе апошнi раз. Ён здалёк бачыць: замок вiсiць на дзвярах, нiхто не зачапiў нiчога. Ён увайшоў у двор. Тое самае ржавае i сплюшчанае ў бляху вядро валялася пад нагамi. Пасярод двара стаяла вада. Белы певень, худы i нейкi доўгi, з вострым i высокiм грэбенем на галаве, спалохаўся чалавека i з крыкам, узмахваючы крыллем, рынуўся наўцёкi. Ён адзiчэў у адзiноце. Ён пакiнуў след пасля сябе, ён начаваў перад вокнамi на плоце. Крамарэвiч згубiў ключ у часе свайго вандравання. Ён падняў камень, адбiў прабой i адчынiў сенцы. Як яго ўразiў пах вiльгацi ў хаце! Першае сонца бiлася ў акно i ляжала на столi. Са сцяны тырчаў той самы драўляны крук, убiты яшчэ дзедам, на якi два цi можа тры пакаленнi вешалi вопратку, хусткi, шапкi. Смутак здушыў Крамарэвiчу грудзi. Ён зноў пад гэтым крукам, пад якiм быў малым, пад якiм часта курыў, седзячы тут на лаве. Яго душа ныла аб тым, што яшчэ так нядаўна было, напаўняла жыццё i радавала чалавека. Ужо ж быў даведзены да даху дом. Гэта нiчога, што заканчэнне дома адклалася, самае большае было зроблена. А дзецi! Старэйшая Ганка ўжо даўно пiсьмы яму пiсала. Яго душу рвала тое, што ён зноў апынуўся ў дзедаўскай хаце, быццам злы лёс сумысля не даваў яму выбрацца на прасторнейшую сцежку, чым тая, па якой iшоў дзед. А каб ён i скончыў дом, i пажыў год цi два ў iм.


20 из 55