Маленства вымагала свайго. I ў яго душы iшло вялiкае змаганне заўчаснай сталасцi з абязвечаным маленствам. Пачало перавышаць маленства. Яно было моцнае i ў абладзе сваёй хацела мець радасцi ўсяго свету. Коля пачаў цешыцца з таго, з чаго не нацешыўся яшчэ датуль. Ён любiў вечарам сядзець на лаўцы ля спусцелага дома, у якiм пазнаў першыя ўражаннi ад жыцця. Не верылася, што ў доме нуста, i што вецер там дзьме праз выбiтыя вокны, i павукi пазапляталi павуцiннем куткi, i вераб'i гаспадараць так, як хочуць. Але можа быць, што ўвойдзе раптам туды бацька, не век жа пра яго не будзе анiякага слыху, недзе ж ён нешта робiць, недзе думае пра дом, i пра тое, што раней было, i пра яго, пра свайго Колю. Надзея, што бацька вернецца, расла i ўмацоўвалася i выратавала Колева маленства ад сталасцi. Ён жыў адзiн, начаваў дзе траплялася, еў што дзе знаходзiў, прыслухоўваўся да ўсялякiх чутак i раз пайшоў за дзесяць кiламетраў глядзець пабiтых на шашы немцаў. Баязлiва i з непераможнай цiкаўнасцю ён вызiрнуў з прыдарожнага рова i ўбачыў зграмозджаныя ў кучу разламаныя грузавiкi, i немцы, парваныя i патрушчаныя, яны ляжалi, як пачварная агiднасць, сярод зялёных зараснiкаў у зiхаценнi яснага дня. Коля Сушчэвiч, больш не хаваючыся i не крадучыся, пайшоў па шашы i праз кiламетраў дзесяць убачыў у зараснiках прыдарожнай шыпшыны чалавека ў ботах i без шапкi. Толькi гэта i заўважыў Коля. А якi гэта быў чалавек i як выглядаў - гэта пасля ўжо дайшло да Колевай свядомасцi. Адразу ж чалавек аглушыў Колю нечаканым загадам:

- Стой, хадзi сюды! Далёка iдзеш?

- З раёна.

- Ого! немцаў бачыў дзе?

- А нiдзе.

- А ў раёне?

- Таксама няма. Толькi палiцаi.

- Чый ты?

- Я Сушчэвiч.

- Дзе ж твой бацька?

- Я не ведаю.

- А хто ж ведае? Можа ён у армii?

- У армii.

- А можа не?

- Не.

- Дык дзе ж ён?

- Я не ведаю.

- I слыху ён не падае?



3 из 55