
Столак застагнаў. Марта адкiнулася, склаўшы рукi, як для малiтвы, i пасмiхаючыся.
- Мансарда. Вы ўжо шостая, даражэнькая. Сёння з ранiцы сюды iдуць адзiн за адным. Я яшчэ не выпiла кавы, як Мало ўжо былi ў мяне. Iх чацвёра на васьмi квадратных метрах, вы ж падумайце! Потым прыходзiла мадам Мангрынэль, потым калега з пяцьдзесят чацвёртага, потым нейкая манашка...
- Я думаю, сястра Марыя з Сэнт-Фас, - сказала мадам Паке.
- Напэўна, - сказала Марта, - ва ўсякiм разе, гаварыла пра нейкiх кузiн, пратэжэ, цяжкае становiшча. Нават паштальён гаварыў са мной пра гэта. Яны думаюць, што ў мяне сто мансардаў. А на завяршэнне ўсяго прыйшла мадам Сюрмюля i запатрабавала ў мяне мансарду ад iмя ўпраўляючага. Здаецца, яна ўжо не ведае, дзе захоўваць свае кансервы.
- Будзе шкада, калi яны прападуць, - сказала мадам Паке ялейным голасам.
- Распараджэнне ўпраўляючага, - буркнула Марта, - мы не можам тут рабiць тое, што нам захочацца.
На нейкi момант абедзве жанчыны замаўчалi. "Спрытная, - падумала Меланi Паке, - робiць выгляд, што нiчога не здарылася, а сама ўжо абладзiла сваю справу. Нiчога не скажаш, у гэтых кароў усё iдзе гладка. Языкi дадзеныя iм, каб каўтаць, яны толькi i думаюць, як пажывiцца". Стоячы на сваiх тонкiх, як цурубалкi, i прамых, як яе парасон, нагах, мадам Паке адчула прылiў настальгii па тых часах, калi кожную ранiцу, пасля набажэнства, у гэтай самай будцы кансьержкi яе чакала iнфармацыя пра навiны квартала, якая давала ёй зарад жвавасцi i дзелавiтасцi. Тоўстая Марта, якая разбылася не ад добрага жыцця (яе тлўшч вырас на бульбе) i нават у пост часам таўсцела, са свайго боку глядзела на Меланi з усё большай iнстынктыўнай варожасцю. Гэта была варожасць сала да косткi, тлустых да сухарэбрых. Яна надзiмала губы, узводзiла да столi свае жоўтыя вочы, нiбы заклiкаючы яе ў сведкi, што не можа нiчога зрабiць.
- Я ведаю, што вы зробiце так, як трэба, - сказала мадам Паке.
