
Яна, нiчога больш не кажучы, прашмыгнула да лесвiцы. Марта крыху пачакала, кiўнула галавой i, пакiнуўшы ў спакоi сваё калена, доўга церла ўпрыгожаную пукатым валляком шыю. Гэты валляк так i не праходзiў. Упэўненая, што яе нiхто, акрамя кошкi, не чуе, яна стала незадаволена апраўдвацца:
- Нельга ж усё аддаваць за так. Нават калi ты маеш на нешта права, у цябе стараюцца яго вырваць.
Усё было правiльна, але раптам Марта ўбачыла, як расплюшчылiся вочы Эмiлi. Яна млява сказала:
- Гэта нядобра ў дачыненнi Мало. Ты ведаеш, што сказаў тата...
- Спi! - грымнула Марта, цi то каб прымусiць замаўчаць дачку, цi то сваё сумленне, якое таксама драмала.
Яна рэзка ўстала i, цмокаючы языком, пашкандыбала на сваю вузкую кухню, дзе яшчэ заставалiся мiзэрныя рэшткi засохлага сыру, якiмi можна было пажывiцца. А! Не з такой, як у Адрыена, мiзэрнай зарплатай можна было дазволiць сабе раскошу грэбаваць iмi. Гэты Адрыен, сапраўды, вельмi разумны, калi кажа: "Ды аддай ты сваю мансарду Мало". Такiя людзi, як Адрыен, лiчаць, што раз яны акуратна прыносяць плату за кватэру, то гэтага дастаткова, каб кармiць чатырох чалавек. Мансарда каштуе, сама мала, шэсцьдзесят тысяч франкаў i прызначаецца каму-небудзь грашавiтаму, напрыклад, мадам Сюрмюля. Лiчыць у старых франках - шэсцьдзесят тысяч, прыямней, чым у новых - шэсцьсот. А Марце гэтыя грошы былi так патрэбныя, што калi яна падлiчыла яшчэ раз, то падумала, што мала просiць. Трыццаць тысяч доўгу, апрануць Эмiлi, яе дачку, абуць Адрыена, унесцi ўзнос за швейную машыну, з якiм ужо запазнiлiся, ну i сцiпла ўсё гэта адзначыць. На гэта пойдзе якраз шэсцьдзесят тысяч, значыць, ёй трэба восемдзесят. Яна папросiць восемдзесят, сто, каб атрымаць восемдзесят. I калi мадам Сюрмюля не пагодзiцца, тым горш! Слова ўпраўляючага нi да чога не абавязвала. Марта сама яму пра гэта сказала. Можна было знайсцi i што-небудзь лепшае: iншаземца, у якога мала часу, студэнта з багатымi бацькамi, дзеўку, якой няма дзе займацца шашнямi, часам гэта неiстотна, раз грошы падаюць вам з неба.
