Марта вярнулася ў сваю будку задуманая. Яе i так невялiкi лоб ад маршчын, якiя прарэзалiся ад неадступных думак, зрабiўся зусiм маленькiм. Маленькая стрэлка насценнага гадзiннiка, заўжды адагнутая ўлева, паказвала дзевяць гадзiн; вялiкая, сагнутая ўправа, наблiжалася да паловы, якую гадзiннiк больш не званiў. "Дваццаць пяць хвiлiн на адзiнаццатую", - прашаптала Марта, хуценька прыкiнуўшы ў галаве. Яна не схадзiла ў краму, але толькi махнула рукой. Эмiлi зноў заснула, а хто спiць, той вячэрае. Дарэчы, колькi там засталося? Яна засунула руку ў вiльготныя нетры свайго карсажа i выцягнула дзiўную ладанку на чорным матузку: свой гаманец, сшыты з кавалка тканiны вялiкiмi шыўкамi, i той мiзар, што ў iм быў. Не можа быць i гаворкi пра тое, каб узяць нешта з недатыкальнага аддзялення, дзе ляжаць сто пяцьдзесят франкаў на малако Калет. Але цi не можна неяк перакласцi трохi грошай з другога аддзялення, прызначанага на будучыя расходы, у трэцяе, адкуль трацiлi грошы сёння? Марта лiчыла, пералiчвала, i кожны раз атрымлiвалася дзвесце шэсцьдзесят шэсць франкаў, два франкi шэсцьдзесят шэсць у цяжкiх франках, як яны цяпер кажуць. Марта ўздыхнула, закрыла свой гаманец, падумала, зноў нерашуча раскрыла, зноў закрыла i, нарэшце, супакоеная сваёй уласнай арыфметыкай (яна карысталася ў якасцi найменшага агульнага дзельнiка цаной кiлаграма бульбы), узяла шэсцьдзесят шэсць франкаў. Урэшце, Адрыену ёсць бляшанка сардзiнаў, а калi яму гэта не падабаецца, то няхай пашукае дадатковую работу. Шэсць тысяч франкаў на тыдзень, хiба гэта грошы?! Хiба ён не можа аддаць усю зарплату адразу, замест таго каб выдаваць порцыямi, бо, маўляў, нiколi не хапае грошай да новай зарплаты? Не хапае да зарплаты! Лухта якая! Як быццам не лепей добра пражыць некалькi дзён, рызыкуючы папасцiцца некалькi наступных, чым увесь месяц збiраць крошкi? Хiба ёсць iншы спосаб унесцi нейкую прасветлiну ў сваё жабрацкае жыццё, акрамя як хоць адзiн раз парадавацца жыццю i жыць гэтай радасцю, чакаючы, што яна паўторыцца?



5 из 10