- Шэсцьдзесят шэсць франкаў. Сто грамаў фiле, падумаць толькi! I яшчэ хочуць, каб я за так аддала сваю мансарду.

У адказ пачулася кароткае мяў. Згаладнелая кошка вылезла з-пад ложка i церлася аб яе лытку, рызыкуючы атрымаць выспятка. Ну вядома, гэтая вечная здыхля Шэрая. Марта збiралася адпiхнуць яе, але перадумала. Добрая кацiдла! Падбародак пераходзiць у шыю, цыцкi ў сцёгны. Яна з цяжкасцю нагнулася, каб узяць Шэрую на рукi, i стала гладзiць яе па спiне. Слаўная кацяра. Яна займаецца сексам, можа, раз на тры месяцы, але з такiм апетытам, з такой заўзятасцю, якiя ўсю ноч бударажаць катоў. А як яна кiдаецца на лёгкае, за тры ўкусы можа праглынуць цэлы фунт, а ўвесь наступны тыдзень супакойвае апетыт, аблiзваючы вусы. Такая яе прырода! I спрытная, падла, нейкiм цудам можа адчыняць дзверы.

I раптам кошка, выпушчаная з рук, мякка ўпала на чатыры лапы, а Марта, прыхапiўшы пошту, хуценька выскачыла з будкi i кiнулася да лесвiцы. Наконт дзвярэй. Яна забылася ключ. Божа ж ты мой, ключ! Каштоўны ключ ад мансарды там. Здурэць можна, такая неасцярожнасць! Хто заўгодна можа авалодаць iм i ўсялiцца як скватэр*, пазбавiўшы яе, Марту, заслужанага барышу. Напрыклад, Мало, хаця няшчасным звычайна бракуе смеласцi. Або клiент Паке, якi, магчыма, быў той самы, што i ў сястры Марыi з Сэнт-Фас. Святы фарс, так будзе правiльней! У гэтых людзей заграбушчыя рукi i поўны рот належных падстаў, каб прыладкаваць сваiх. Потым паспрабуй iх выселiць. Заўсёды знойдзецца закон, якi абараняе iх iнтарэсы, i спагадлiвыя душы, якiя звыклi займацца дабрачыннасцю за ваш кошт i могуць усчаць скандал, варта вам наважыцца паказаць хоць самую малую незадаволенасць.

* Скватэр (англ. squatter) - асоба, якая самавольна заняла незаселенае жыллё.

I Марта караскалася ўгору, дыхаючы, як кавальскi мех. Клятая лесвiца! Калi ногi ўжо не гнуцца, няма чаго працаваць кансьержкай. Лепш за ўсё было б прадаваць вустрыц на тэрасе якога-небудзь кафэ ў Бэльвiлi.



6 из 10