
- Сала смажыце, п-посьцiлкi нямецкiя... Нас дык салам нiколi не частавалi!
Каб ня чуць мацюгоў, яна зацiснула вялiкiмi пальцамi вушы i затрэслася ад бязгучнага плачу. У той мiг яна прагла аднаго: згiнуць, зьнiкнуць, правалiцца ў апраметную.
Хоць i зацiскала вушы, але пачула, як хтосьцi грукнуў у шыбу i здушана крыкнуў: - Немцы ў вёсцы!
Толькi краем вока глянула на сьвет, уражаная гэтым крыкам, i потым усё жыцьцё дакарала сябе, што не схавала ў той момант вачэй. Бэртрам разьвiтаўся зь ёю дакорлiвай усьмешкай. Проста пасьмiхнуўся аднымi вуснамi i зьнiк у прысенку, атрымаўшы прыкладам у сьпiну. У прысенку пасыпалiся долу глiняныя глякi, парахня сыпанула з гарышча, i валацуга Мiцька, стукнуўшыся плячом аб вушак, азiрнуўся i здушана прагугнеў:
- А з вамi яшчэ разбярэмся.
Сьцiснуўшы даланямi прыадкрыты рот, яна з жахам глядзела ў вакно. Па таўпiлавым гародзе, у бок лесу, беглi трое: Канавальчык з трафэйным веласiпедам на карку, Мiцька Дзенiсенка з двума стрэльбамi ў руках i Бэртрам з узьнятымi да гары рукамi.
- Падумаў, што гэта мы яго... зацягнулi ў пастку, - заплакана прастагнала сястра i ўсе гукi зямныя аддалiлiся, ператварылiся ў аднастайны шум i малады немец iзноў пасмiхнуўся ёй аднымi вуснамi, але ня зьнiк у прысенку, а так i застыў, нерухомы i штосьцi халоднае кранулася твару i дзесьцi над самым вухам прагучэў асiплы таўпiлавы голас: "Матруна, чуеш, уставай..." Яна разьмежыла павекi i ў твар ёй пырснулi халоднай вады.
- Падымайся, хутчэй... схаваць трэба, пакуль нiхто ня бачыў...
Яна паспрабавала ўстаць, але здолела толькi падпаўзьцi да парога.
- Забiлi... забiлi, сволачы... на маiм агародзе. Пабеглi, дачушка, пакуль нiхто ня бачыў. А то ж спаляць вёску.
Дзед Таўпiла схапiў за плечы, падняў на ногi, i яна, не ўтрымаўшыся на ватных нагах, iзноў асунулася на падлогу.
- Уставай, йо... адзiн не сьцягну! - нягучна, але страшна выдыхнуў сусед i гэта вярнула сiлы.
