
... Немец ляжаў тварам да неба, раскiнуўшы рукi, i здавалася, што ён прылёг адпачыць на ўзьмежку таўпiлавага гароду.
- Ну, дачушка, дапамагай, пацягнем да калодзежу, - сусед падхапiў немца пад пахi, працягнуў пару мэтраў, упаў на каленi.
- Можа жывы? - пралепятала яна не сваiм голасам.
- Як жа, жывы... мазгi толькi цякуць, - буркнуў сусед i кiўком галавы загадаў цягнуць немца да калодзежу: - Давай, пакуль немцы не наляцелi!
Бэртрамава рука была цёплай i млявай. Не азiраючыся, яна пацягнула немца па ўтравелых разорах i зусiм ня чула, што ёй казаў дзед Таўпiла.
- Усё з-за мяне, - задыхана бубнеў Таўпiла, цягнучы немца за другую руку. - Крыкнуў... думаў - зьбягуць... а яно во як атрымалася...
Ля самага калодзежу яна ўпала на траву i зайшлася ад млосных курчаў. Ванiтаваць не было чым; шлункi, здавалася, лезьлi з жывата i пры гэтым страшэнна балела пад дыхнiцай. Штосьцi невымерна цяжкое абрынула ў нетры зямныя; зямля здрыганулася, нiбыта ад далёкага грому, самотная кропля гучна цiўкнула ў калодзежным прадоньнi i слых напоўнiўся замарачным звонам.
- Бяжы, дачушка, шукай якi мех... Будзем пясок насiць.
Яна зь цяжкасьцю паднялася на ногi, пайшла, не разьбiраючы дарогi, да хаты; з кожным крокам шум у вушах мацнеў, хата плыла ўваччу i, перад тым, як абрынуцца ў чорную зеўру калодзежу, Матруна ўхапiлася рукой за паркан...
Пляменьнiк зьлез з гарышча блiзу абеду. Азызлы, пакамечаны, з жмутком саломы ў валасах, ён доўга пiў ваду - з таго вядра, дзе пiла Зьвяздоха, потым сеў на ганак i змучана ўздыхнуў. Бычкоўскiя п'янтосы i дзеўкi ўходалi ленiнградца i на зьдзеклiвае пытаньне - цi пойдзе ён сёньня ў клюб? - небарака страсянуў ускудлачанай галавой. Ад абеду пляменьнiк напачатку адмовiўся, а паблукаўшы па двары, убiўся ў кухню i сiплым голасам паведамiў:
- Чаго-небудзь гарачага, можа, i зьем.
Матруна налiла пляменьнiку мiску гарачай капусты, накроiла хлеба i, зiрнуўшы на выгнутую Лёшкаву сьпiну, падумала: "Кастрамская парода".
