
Соньчын мужык быў якраз з той самай Кастрамы. Толькi раз i прыяжджаў на пагасьцiны - гадоў дзесяць таму. Хадзiў па двары, зазiраў у кожную шчылiну, штосьцi мармытаў сабе пад нос, а калi раскрываў рот, дык прамаўляў нейкай дзiўнай мовай: "А яблоки у вас быва-ат?" I за абедзеным сталом сядзеў як бяз рук, чакаючы - калi яму нальюць капусты ды накрояць хлеба. Вось i Лёшка такi: поўдня будзе сядзець, а чыгунка зь печы не дастане.
Пляменьнiк мiж тым агораў адну мiску, потым другую, умалоў яечню з патэльнi, запiў усё конаўкай сырадою i падаўся на падворак.
- Вось каму жыцьцё, - аднымi вуснамi прашаптала Матруна, таксама вышла з хаты i слых ейны крануў непрыемны шоргат: Лёшка, седзячы на кукiшках, шараваў пяском старую нямецкую каску. Каска здавёнчасу валялася на двары i кожнай вясны Матруна кармiла зь яе маладых гусей.
- I навошта яна табе? Насiць будзеш, цi што? - запыталася Матруна, узяўшы рукi ў бокi.
- Ну так, насуну i пайду па Лiгаўцы, - з усьмешкаю прамовiў пляменьнiк, i ўжо сур'ёзна дадаў: - На Ленфiльме прымаюць. Па два чырвонцы за штуку.
Матруна таму не дала веры. "Вiдаць, жартуе, - падумала, змахнуўшы пот з упрэлай лабацiны, - цi ж можа гэта быць, каб за жалезiну давалi два чырвонцы?"
Пляменьнiк iзноўку ўзяўся шараваць каску i шоргат нэрвовым сьвербам прайшоўся па целе.
- А што, немцы ў вас былi? - выдыхнуў Лёха, падхапiўшы ў далонь жменю вiльготнай жарствы.
- Былi, каб на iх немач.
- I што, лютавалi?
- Ды ўсякае было, - Матруна цяжка ўздыхнула, - i немцы лютавалi, i партызаны. Ужо ж нацярпелiся мы з тваёй мамай страху - ня дай Бог... Але i немцы розныя былi, - голас Матрунiн мiжволi здрыгануўся, - адзiн нават лекi прынёс, калi твая мама нагу прабiла.
- Што ж вы, з акупантамi зналiся? - запытаўся пляменьнiк, не перапыняючы шараваньня.
- Ды хто зь iмi знаўся... - выдыхнула Матруна, - прыйшоў чалавек ды прынёс лекi... Яго потым партызаны застрэлiлi. Вунь там, на суседзкiм агародзе.
